Выстава керамікі «Спадчына ў дзіцячых далонях»

Выстава керамікі «Спадчына ў дзіцячых далонях» ўдзельнікаў узорнай студыі «Крокі» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста адкрыецца ў «Арт-прасторы бібліятэкі» 15 кастрычніка.

Экспазіцыя аб’ядноўвае шчырасць дзіцячага погляду са старажытным мастацтвам керамікі. Галоўная ідэя – пераемнасць пакаленняў, дзе гліна становіцца злучным звяном паміж гістарычным мінулым і сучасным уяўленнем дзіцяці. Кожны выраб захоўвае адбіткі рук аўтара, што надае працам унікальную тэкстуру і «жывую» энергетыку. Выявы птушак, жывёл і персанажаў народных казак, выкананыя з асаблівай цеплынёй.

Працы выкананы з натуральнай гліны, спосабам ручной фармоўкі і дэкаратыўнага роспісу ангобамі, глазурамі і акрылам. Творчыя працы выпраменьваюць радасць творчасці і дэманструюць беражлівыя адносіны да нацыянальнай спадчыны.

Узорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Крокі»:
• аб’яднанне «Крафт», педагог Абрамчык Ганна Ўладзіміраўна
• аб’яднанне «Тэрра», педагог Дударава Лідзія Эдуардаўна