БРЭСЦКІ ЗАСЛУЖАНЫ АМАТАРСКІ АНСАМБЛЬ ТАНЦА “РАДАСЦЬ” (1962)

З жыватворнай крыніцы народнай творчасці бярэ пачатак высокае мастацтва ансамбля танца “Радасць”, што нарадзіўся ў красавіку 1962 годза ў Брэсце. Яго заснавальнікам і балетмайстарам стаў Міхаіл Іванавіч Пузанаў.

Другая дэкада беларускага самадзейнага мастацтва ў Мінску ў 1963 годзе прынесла калектыву званне "самадзейны народны калектыў".

Ансамбль стаў захавальнікам, выканаўцам, інтэрпрэтатарам лепшых узораў харэаграфічнага і музычнага мастацтва беларускага народа.

Кіраўнікамі ансамбля былі: Міхаіл Іванавіч Пузанаў (1962-1966), Румянцаў (1966-1967) – народны артыст Беларусі, з 1967 года Анатоль Міхайлавіч Вараб’ёў – заслужаны работнік культуры Беларусі, народны артыст Беларусі. 3 яго прыходам, з новым поглядам на харэаграфічнае мастацтва, на тэхніку выканання танцаў, у калектыва з'явіліся новыя творчыя магчымасці. Разам з гэтым узрасла патрабавальнасць да выканаўцаў і да рэпертуару ансамбля.

З 1978 года калектыў дзейнічае пры гарадскім Доме культуры. У складзе ансамбля танцавальная і інструментальная групы. Асноўная мэта дзейнасці – адлюстраванне ў сваім выкананні лепшых прыкладаў беларускага харэаграфічнага і музычнага мастацтва. У рэпертуары беларускія народныя танцы, вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі з элементамі народных гулянняў, старажытных беларускіх абрадаў і свят, дзе яркасць і самабытнасць касцюмаў спалучаецца з тэмпераментам і лірычнасцю танцаў. Сярод харэаграфічных пастановак (з выкарыстаннем беларускага танцавальнага фальклору) “Палескае вяселле”, “Радасць працы”, “Свята на Палессі”, “Дажынкі”, “Палеская ярмарка”, “Зімовыя гульні”, “Сувенір” і інш. Падрыхтаваў больш за 20 канцэртных праграм, у тым ліку праект “Святы і абрады беларусаў” з харэаграфічнымі фальклорна-абрадавымі кампазіцыямі “Вясенні карагод”, “Купальская рапсодыя”, “Кавалер” і т.д.

Калектыў адрозніваецца  багаццем касцюмаў, створаных на аснове нацыянальных традыцый. У ансамбле танцуе моладзь ад 16 да 22 гадоў, а музыканты аркестра – спецыялісты высокага класа з вялікім вопытам работы з калектывам і віртуозным валоданнем разнастайнымі народнымі інструментамі. Сваеасаблівы репертуар, яскравасць і самабытнасць касцюмаў, спалучэнне тэмперамента і лірычнасці танцаў прыносяць ансамблю заслужаны поспех у самай разнастайнай аудыторыі.

Сапраўдную радасць сустрэчы з высокапрафесіянальным і натхнёным мастацтвам артысты з Брэста дараць не толькі сваім землякам, але і гледачам Расіі і Украіны, Казахстана і Малдовы. З вялікім поспехам гастраляваў ансамбль у Францыі, Германіі, Англіі, Італіі, Бельгіі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі, Турцыі, Грэцыі, Сірыі, Кіпры, Мальце, Індыі, Іраку, Мексіцы, Іспаніі, Тайвані, Галандыі, Балгарыі, Швейцарыі, Марока.

Калектыў прымаў удзел у фестывалях у 24 краінах,  на 4 кантынентах зямного шара. Толькі ў Францыі ансамбль быў 26 разоў. Рэпертуар ансамбля вельмі разнастайны, ад калейдаскопа беларускіх танцаў да шырокай палітры танцаў іншых народаў. Ансамбль – лаўрэат міжнародных фестываляў фальклорнага мастацтва ў г. Канфалан (Францыя, 2002, 2009), г. Агрыджэнта (востраў Сіцылія, Італія, 2003), г. Браціслава (Славакія, 2007), “Фолкмод”

(г. Вайнесвіле, штат Паўн. Караліна, США) і г. Друманадвіле (Канада, абодва 2008), “Лаціум” (Рым, 2010) і інш. Удзельнік культурнай праграмы ад Беларусі на прамысловай выстаўцы Экспа-2010 (г. Шанхай, Кітай, 2010).

Калектыў мае шмат ганаровых узнагарод – Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978, лаўрэат прэмія Ленінскага камсамола 1981. У студзені 2001 года, за захаванне лепшых узораў харэаграфічнага мастацтва беларускага народа і плённую канцэртную дзейнасць у 2000 годзе, калектыву ансамбля была прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, а ў ліпені 2002 года, за творчыя дасягненні, высокае выканальніцкае майстэрства, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць, уклад у развіццё і папулярызацыю нацыяльнага мастацтва – прысвоена званне "Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь".

Літаратура:
1. Брэсцкі заслужаны аматарскі ансамбль танца “Радасць” // Культура Беларусі : энцыклапедыя :  Мінск, 2011. Т.2. С. 73.
2. Ансамбль танца “Радасць” Брэсцкага гарадскога Дома культуры // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн.2. С. 590.
3. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь Ансамбль танца “Радасць” : [рэкламны буклет] = Radost Folk Danse Ensemble. Брэст, 2007. 12 с.
4. Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Радасць” Брэсцкага гарадскога Дома культуры // Заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь. Брэсцкая вобласць. Брэст, 2011. С. 2-5.
5. Скараходаў, У. П. Ансамбль “Радость” Брестского ГДК / У. П. Скараходаў // Сацыядынаміка культуры сучаснай Беларусі. Мінск, 2003. С. 93, 96.
6. Арлова, І. Сустрэча з “Радасцю”/ І. Арлова // Народная газета. 2008. 13 жн. (№ 149).С. 5.
7. Архипова, А. Радость” дарит радость / Ада Архипова // Заря. 2002. 18 мая (№ 54) С. 2.
8. Данилова, Е. Встречайте – Радость! : На фестивале в Кобрине выступит именитый белорусский ансамбль / Елена Данилов // Заря. 2009. 17 сент. (№ 105) С. 8.
9. Кульбака, А. Планета Радости / А. Кульбака // Брестский вестник. 2007. 17 мая (№ 20). С. 5.
10. Курниц, Т. Есть день рождения у радости… : Семь поколений – в танце/ Татьяна Курниц // Брестский курьер. 2002. 18 мая (№21). С. 8.
11. Малавская, Е. Есть повод для радости / Е. Малавская // Брестская газета. 2007. 18-24 мая (№.20). С.2.
12. Шеламова, Т. Кумиры миллионерши, или Почему мадам Шадо ангажирует Радость/ Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2002. 17 мая (№ 39-40). С. 8.
13. Шеламова, Т. Радость без шор : Народному ансамблю танца – 40 лет / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2002. 22 мая (№41). С.3.
14. Шеламова, Т. Выше радуги : Заслуженный любительский ансамбль танца Радость отметил 45 летний юбилей / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2007. 16 мая (№ 39). С.7.