Первая белорусская средняя школа в г. Бресте (1940)

14 снежня 1939 г. бюро Брэсцкага абкома КП(б)Б зацвярдзіла мерапрыемствы арганізацыі Грамадскай асветы. Згодна з імі, усе школы сталі дзяржаўнымі з адзінымі вучэбнымі планамі. Некаторыя з іх былі рэарганізаваны ў пачатковыя, няпоўныя сярэднія і сярэднія.

У гэты час у Брэсце было ўсяго 16 пачатковых і сярэдніх школ, якія знаходзіліся на ўтрыманні дзяржаўнага бюджэту, у іх было 7626 навучэнцаў. Акрамя гэтага ў горадзе існавала 10 рэлігійных, рамесных і агульнаадукацыйных школ, якія знаходзіліся на ўтрыманні прыватных асоб і дабрачынных таварыстваў, але не было ні адной беларускай школы.

Многія беларусы, якія вучыліся ў польскіх школах і амаль забылі родную мову, пры савецкай уладзе паступілі ў рускую няпоўную сярэднюю школу № 8, дзе яны навучаліся і беларускай мове. Выдатнае веданне вучнямі абодвух моў, паказанае на праверачных выпрабаваннях у канцы навучальнага года, заахвоціла гаркам КП(б)Б і гарвыканкам прыняць рашэнне аб зліцці беларускай пачатковай школы №11 са школай №8 і рэарганізаваць іх у беларускую сярэднюю школу № 11.

Сярэдняя школа № 11 па вуліцы Доўгай (Куйбышава) і няпоўная сярэдняя школа, якая знаходзілася на Валынцы сталі першымі школамі ў горадзе  з навучаннем на беларускай мове.

Літаратура:
1. Народная асвета // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 321–324. – Са зместу: [Першая беларуская школа ў Брэсце].  С. 321.
2. Постановление бюро Брестского обкома КП(б)Б «О мероприятиях по организации народного образования в области» : от 14 декабря 1939 г. №101 // Брест в 1939-1941 гг. : документы и материалы / сост. А. Г. Карапузова и [др.] Брест, 2012. Раздел 3. Социально-культурное развитие города. С.168–169.