Романов Александр (Раманаў Аляксандр). Не забудзь

Давялося бываць табе там,
Дзе юнацтва твайго сілуэт,
Дзе ў атаку кідаўся ты сам
І крывёй арашаў сваёй след?
Дзе ты поўз пад варожым агнём,
Поўз насустрач яму, не назад! —
Бачыў полымя ноччу і днём
І сяброў нетутэйшы пагяд?
Грудзі ў грудзі са смерцю адны,
А салдацкі сухар аржаны
Развярэджваў кароткія сны.
Дзе за суткі — юнак баявы —
Ты маршчыністы стаў і сівы …
Дзе атакі не раз адбіваў
І таварыш цябе ўратаваў,
Дзе палка пералівісты сцяг
Узлятаў на салдацкіх штыках,
Узлятаў над руінамі ўвысь, —
Дзе на смерць мы стаялі калісь!
Сіла страшная цягне туды
Цераз вёрсты і цераз гады.
Ран душэўных не згладзіцца след,
Колкі б зім не пражыў, колькі лет.
Там, — куды не зрабіў бы ты крок, —
Захавалася ўсё, як знарок.
І праз часу маркотны туман
Чуеш боль незагоеных ран.
У зялёным налёце патрон —
Стогн ранейшы нагадвае ён.
А знявечаны полымем штык
Адгукаецца ў сэрцы, як крык.
Каземата ашчэраны под,
Нібы ў злосці ашчэраны рот.
І вада, што спакойна цячэ,
Табе кроў нагадае яшчэ.
З прыбярэжных лазовых кустоў
Ясна чуецца клятва: “Гатоў
За цябе смела выстаяць я,
О Радзіма — матуля мая!”
І нябачна ідзе за табой
Безымянны, нятленны герой.
Пачарнелы ад даўніх пакут,
Ён навечна прыпісаны тут.
“Не забудзь! — ён гаворыць табе. —
Чалавецтва жыве ў барацьбе.
Трызняць нелюдзі новай вайной,
Што крыві напіліся людской
І каму смертаносны метал
Міліярдны нажыў капітал.
Не забудзь, не забудзь, не забудзь!
Будзь гатовым і пільным будзь!”