У якой прыгожай і дзіўнай краіне мы жывем! Колькі ў ёй цікавага, таго, што заслугоўвае ўвагі і блізкага знаёмства! Даведацца пра чароўны свет нашай беларускай зямлі дапамагаюць кнігі на роднай мове.
На днях для хлопчыкаў і дзяўчынак дзіцячага сада № 1 г. Брэста супрацоўнікі бібліятэкі-філіяла № 8 правялі пазнавальна-інтэрактыўную гутарку «Роднае слова сінявокай зямлі».
Дзеці слухалі вершы вядомых беларускіх паэтаў: П. Броўкі «Багата, родная ты мова», «Дарагая Беларусь», Г. Нічыпаровіч «Маміна памочніца» і іншыя. Маленькія чытачы спрабавалі зразумець і растлумачыць аб чым ідзе гаворка ў вершах. Бібліятэкар звярнула ўвагу на беларускія словы, якім цяжка падабраць адпаведнікі. Менавіта гэта і робіць родную мову непаўторнай, унікальнай, не падобнай на іншыя.
Пачуўшы ўрывак з кнігі Т. Дамаронак «Казкі сінявокай зямлі», дзеці дазналіся пра тое, як спрадвеку беларускія жанчыны расцілі лён, як потым стваралі з самаробленай льняной пражы спадніцы, сурвэткі і пакрывала. Па сённяшні дзень гэта блакітная кветка з'яўляецца сімвалам працавітасці, дастатка і дзявочай прыгажосці.
З творчым захапленнем хлопчыкі і дзяўчынкі майстравалі паштоўкі «Льняная прыгажуня», якія ўпрыгожвалі папяровымі кветкамі льна.
Гэта пазнавальнае мерапрыемства выклікала ў дзяцей цікавасць да родных беларускіх традыцый, садзейнічала выхаванню дабрыні і чуйнасці да роднага слова.
Чытаць яшчэ: Як маленькія чытачы беларускія літары шукалі і кнігі чыталі
Берестейский календарь