16 кастрычніка ў бібліятэцы «Юнацтва» прайшла творчая сустрэча з Таццянай Мікалаеўнай Яцук – членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтарам дзесяці паэтычных зборнікаў. На сустрэчы прысутнічалі чытачы бібліятэкі, вучні і супрацоўнікі школ мікрараёна «Усход».
Таццяна Мікалаеўна завітала да нас з Баранавіч, дзе яна жыве і працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Паэтэса расказала, што вершы піша з дзяцінства. Большасць яе вершаў – на беларускай мове. Некаторыя з іх яна прачытала сваім зацікаўленым слухачам. Гучала і музыка – на словы Т. Яцук напісана каля дваццаці песень.
Таццяна Мікалаеўна прэзентавала свой новы зборнік «Прага цішыні». У ім сабраны вершы на тэму любві да роднага краю, закранаецца тэма Вялікай Айчыннай вайны. Прысутных уразілі радкі з паэмы, напісанай пасля наведвання мемарыяла на месцы лагера смерці «Колдычава». Каб вярнуць сваім слухачам добры настрой, паэтэса пачытала незвычайны верш са зборніка «Алфавітная музыка слоў»: усе словы ў ім пачынаюцца на літару «П».
Сустрэча завяршылася выступамі калег Таццяны Мікалаеўны па Саюзу пісьменнікаў: загадчыцы аддзела абанемента Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С.Пушкіна Ірыны Фаміной і педагога сярэдняй школы № 10 г. Брэста Міхаіла Кулеша.
 Берестейский календарь
Берестейский календарь 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		