Поплавский Александр (Паплаўскі Алесь). У кляштары бернардзінак у Берасці

Прытулак свой знойдуць вятры за мурамі,
І выслізне цень мой з-пад брудных абцасаў.
За кратамі чорнай зачыненай брамы
Знябытнасць бяссіллем, пакрыўджанасць часам.

Ашчэрацца вокнамі сцены па-воўчы.
Пусты, занядбаны адкрыецца дворык.
І постаць ледзь згледзяць за дрэвамі вочы
Святой бернардзінкі ў манаскім уборы.

Трывожнае мроіва цішы прадроглай.
Хлюпасткае месіва зманлівай белі.
Аб тын разаб’ецца прастуджаны голас –
Няма анікога ў палыністай келлі.

Вярба каранямі ўпілася ў каменне.
Гарэзлівы промень варушыцца ў смецці.
Міззэрнасць эмоцый… Часіна….. Імгненне…..
Няспыннасць жыцця. Незавершанасць смерці...