13 студзеня ў «Арт-прасторы бібліятэкі» сабраліся ўдзельнікі краязнаўчага аматарскага аб’яднання «Берасцейцы», каб разам павольна пачытаць услых. Для чытання і далейшага абмеркавання была прапанавана кніга «Анёл над Брэстам: Вянок санетаў». На сустрэчу былі запрошаны аўтар Георгій Тамашэвіч і рэдактар Уладзімір Сенькавец.
Кандыдат філалагічных навук Уладзімір Адамавіч Сенькавец пазнаёміў слухачоў з правіламі і канонамі паэтычнай формы строгіх правілаў, адзначыў, што вянок санетаў – надзвычай складаная форма, якая патрабуе ад аўтара выключнага майстэрства, зрабіў кароткі літаратурны экскурс у гісторыю напісання першых санетаў, прывёў прыклады твораў гэтага лірычнага жанру.
Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч пазнаёміла прысутных з заслужаным журналістам і паэтам, аўтарам «Анёла над Брэстам».
Георгій Сцяпанавіч Тамашэвіч распавёў гісторыю задумкі свайго «Вянка санетаў», адказаў на пытанні слухачоў. Затым усе прысутныя па чарзе прачыталі і абмеркавалі літаратурныя і мастацкія асаблівасці выдання. У вянку санетаў Георгія Тамашэвіча ўвасобіліся патрыятычныя пачуцці аўтара да тысячагадовага горада, у якім паэт-журналіст жыве не адзін дзесятак гадоў. Кніга праілюстравана прыгожымі каляровымі фотаздымкамі, што надае ёй выгляд літаратурна-мастацкага альбому.
Ад санетаў Георгія Тамашэча ўдзельнікі сустрэчы паступова перайшлі да міравой паэтычнай класікі: чыталі напамяць санеты Багдановіча, Пушкіна, Шэкспіра на мове арыгіналаў.
Сустрэча атрымалася надзвычай цікавая і змястоўная.