Павлючук Алексей Алексеевич

Скульптар, Заслужаны дзеяч мастацтваў Бураціі

Нарадзіўся Аляксей Аляксеевіч 5 жніўня 1968 г. у г. Віцебску. Аляксею пашанцавала: першымі яго настаўнікамі былі бацькі, ён бачыў, як малюе маці, лепіць бацька. Затым вучыўся ў дзіцячай мастацкай школе, і паспяхова: атрымаў дыплом I ступені на міжнароднай выставе дзіцячага малюнка ў Парыжы.

У 1989 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава. З таго часу Аляксей Паўлючук жыве ў Брэсце, удзельнічае ў розных мастацкіх выставах i праектах. Працуе ў галіне манументальнай і станковай скульптуры, а таксама ў станковым жывапісе і графіцы.

Асноўныя творы А. Паўлючука: эмблема “Музы” (Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы), помнік спаленым вёскам Пружаншчыны (Пружаны); скульптурная кампазіцыя “Муха і Вец” (Пружаны);бюст канструктару А. П. Сухому (Лунінец); скульптурныя партрэты пагранічнікаў мемарыялу “Вартавым гранiц” (Брэст); барэльефны партрэт В. Кублашвілі (Брэст) i iнш. З работ у стылі станковай скульптуры можна адзначыць: “Адыходзячая восень”, мармур; “Холад”, мармур; “Народжанне дзевы”, дрэва; “Запах бэзу”, дрэва; “Скрыпка”, бронза; “Гітара”, бронза; “Дуэт”, бронза; “Музычная фантазія” з серыі “Сола да скрыпкі”, бронза; серыя рэльефаў у гатэлі “Эверэст”, прысвечаная Яну Твардоўскаму (Венгрув, Польшча).

У ліпені 2009 года адкрыты помнік 1000-годдзя Брэста (скульптар Аляксей Паўлючук, архітэктар Аляксей Андраюк). Гэта трох’ярусны манумент з граніту і бронзы, агульная вышыня 15 метраў. На ніжнім ярусе размешчаны 12 бронзавых шыльдаў, на якіх коратка апісаны найбольш значныя падзеі гісторыі горада. Вышэй размешчаны шэсць бронзавых фігур: тры гістарычныя – Вітаўт, Радзівіл Чорны і Уладзімір Васількавіч, і тры зборныя – маці, салдат і летапісец. Над імі ўзвышаецца фігура анёла – захавальніка горада. У 2011 годзе на помніку ўстаноўлены кругавы гарэльеф агульнай плошчай 11 квадратных метраў, на ім адлюстраваны шэсць гістарычных сюжэтаў.

У 2003 годзе Аляксей Аляксеевіч удастоены звання “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Бурація” (Расійская Федэрацыя). Член Беларускага саюза мастакоў з 2005 года.

Творы Аляксея Паўлючука знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Германіі, Францыі і ЗША.

Член БСМ з 2005 г. Жыве ў г.Брэсце. 

Літаратура:
1. Алексей Павлючук // Художники Брестчины : Альбом - каталог /Авт.-сост. М. Коньков и др. Минск. 2002. С. 178–179.
2. Аляксей Паўлючук // Мастакі Брэстчыны : Альбом - каталог / Аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст. 2010. С. 82–83.
3. Андреева, Т. Мастер : [ о скульпторе Алексее Павлючуке] / Т. Андреева // Заря. 1991. 12 июля.
4. Каско, А. Помнік разбілі талакою : На сродкі Саветаў і грамадскасці Брэсцкай вобласці стварыў малады скульптар берасцеец Аляксей Паўлючук надмагільны мастацкі помнік Міхасю Рудкоўскаму ў вёсцы Востраў, Ганцавічскага р-на, на радзіме паэта / Алесь Каско // Заря.1993. 23 января.
5. Кобяк, Э. Символ памяти и веры : [в Пружанах в память о жертвах Великой Отечественной войны решено установить памятник, по результатам конкурса лучшим признан проект брестского скульптора Алексея Павлючука] / Э. Кобяк // Заря. 2005. 26 февраля.
6. Новаковская, А. Белорусский фонтан в интерьере соседей : [работы брестского скульптора Алексея Павлючука выставлялись в Польше] / А. Новаковская / Брестский весник. 2008. 30 октября. С.14.