Макаль Петр (Макаль Пятрусь). Рознакаляровы Брэст

Які ты зялёны, Брэст!
Тут дыхае строй нядрэнны:
Сабраліся, нібы на з’езд,
Рознаплямённыя дрэвы.

Гудуць аб былым, як званы.
Дуб, пакалечаны мінамі, –
Інвалід Айчыннай вайны –
Дзеліцца
Успамінамі.

Не тоячы росту свайго,
Маячыць таполя, як клічнік
Да слоў захаплення майго
Табой, бастыён-пагранічнік...

Які ты чырвоны, Брэст!
Над крэпасцю, спаленай спрэс,
Зара, як шырокая рана
Ад вогненнага тарана.

Плавячы сталь і цэмент
На востраве, ворагам скутым,
Байцам высякаў манумент
Агонь, як няўрымслівы скульптар.

І зноў у падмурак – скрані!
Радамі па-воінску легла
Барвовая, быццам з крыві,
Загартаваная цэгла...

Які ты блакітны, Брэст!
Салдаты на золку з дазораў
На хусткі нясуць для нявест
Неба з узорамі зораў...