24 і 25 кастрычніка знакаміты беларускі пісьменнік Міхась Пазнякоў наведаў Гарадскую дзіцячую бібліятэку на набярэжнай Ф. Скарыны.
Пазнякоў Міхаіл Паўлавіч – паэт, празаік, перакладчык, крытык, мовазнаўца, публіцыст, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, член Усеармянскага Саюза пісьменнікаў, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь. Ён аўтар больш за 100 кніг, лаўрэат 42 літаратурных прэмій, у тым ліку – Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, імя Янкі Маўра, імя Пятруся Броўкі, а таксама міжнародных літаратурных прэмій імя В. Біянкі, імя А. Пушкіна, імя Л. Талстога (Масква), імя І. Грыгор'ева (Санкт-Пецярбург), імя Н. Гогаля, імя Б. Хмяльніцкага, імя Р. Скаварады (Кіеў, Чарнігаў), імя А. дэ Сэнт-Экзюперы (Парыж), імя Ф. Петраркі (Рым), імя Г. Бёля (Германія Украіна), імя М. Твена (Сан-Францыска) і інш. Член-карэспандэнт Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў, акадэмік Міжнароднай акадэміі рускай славеснасці (Расія), акадэмік Міжнароднай акадэміі літаратуры і мастацтваў (Украіна), старшыня таварыства дружбы «Беларусь – Расія».
Акрамя гэтага, дырэктар Мінскага гарадскога тэатра паэзіі. Мае дзяржаўныя ўзнагароды Беларусі і Саюзнай дзяржавы.
Менавіта таму на сустрэчу са знакамітым госцем у бібліятэцы сабраліся сябры кнігі з многіх школ горада. Вучні 13-й, 17-й, 18-й, 35-й сярэдніх школ, юныя чытачы гуртка «СаЧытайка» і проста наведвальнікі філіяла з захапленнем слухалі расповед мастака беларускага слова аб сваім лёсе, творчасці, уражаннях і пачуццях.
Хлопцы і дзяўчаты гулялі разам з Міхасём Пазняковым у літаратурна-моўныя гульні, чыталі радкі яго вершаў, якія праходзілі ўжо ў сваіх падручніках. І нават не заўважалі, што пакрыху пачынаюць размаўляць па-беларуску, і з цікавасцю ўключаюцца ў беларускую гутарку.
Міхась Пазнякоў – шчыры і адкрыты чалавек, які з трапяткою пяшчотай расказвае пра нашу Радзіму, беларускую мову. Вучыць любіць і паважаць беларускую кнігу.
Гэта адчуў кожны ўдзельнік сустрэч, таму дзеці доўга не развітваліся з Міхаілам Паўлавічам, а раз за разам задавалі пытанні пра розныя старонкі яго жыцця.
Спадзяемся, што Міхась Пазнякоў яшчэ не раз пазнаёміць дзяцей і дарослых са сваімі новымі кнігамі.
 Берестейский календарь
Берестейский календарь 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		 
			
		