Колесник Иван (Калеснік Іван). Брэсту

– Дзень добры! – шчыра гавару,
Ты ветлы,
                 светлы і прыбраны.
Але кастры пунцовых руж
Далёкіх дзён трывожаць раны.

Яшчэ ў зялёным Мухаўцы
З вайны гарачыя каменні.
Замоўклі ў крэпасці байцы,
Ды і не маўчаць яе скляпенні.

Яны напамінаюць нам,
Якой высокаю цаною
Прыйшлося заплаціць бацькам,
Каб сябравалі мы з вясною!

...Як я сустрэчы гэтай рад,
Тваю адчуў ізноў я славу,
Ты з госцем добры, як салдат, –
Суровы, сціплы і ласкавы.

Удзячны я табе ўдвайне:
Ты падарыў мне часам веснім
Усмешку шчырую ў акне
І маладога сэрца песні.

Цябе я буду помніць,
Брэст.
Таполяў строй пірамідальны!
Павер як сябру –
Мой ад’езд
З табой не будзе
                              развітальным …