Киреенко Константин (Кірэенка Кастусь). Цягнік Брэст–Масква

Кожны дзень, ледзь зардзееца ўсход,
Як у свята, хвалюецца Брэст.
Ля вагонаў стаіць народ,
На Маскву праводзіць экспрэс.

Час развітвацца. Хутка званок
Ускалыхне за вагонам вагон...
І тады ў журавінавы сок
Афарбоўвае ранак перон.

І тады для ўсіх гарадоў
Тэлеграму выстуквае Брэст:
– Сустракайце, сябры, адышоў,
На Маскву адышоў экспрэс.

Дзе крынічныя рэкі цякуць,
Дзе азёры густой сінявы,
Разам з ім – праз усю Беларусь
Я ўсім сэрцам лячу да Масквы.

Адгукніся ты, Нёман, мне,
Партызанскі наш мінскі лес,
Калі тут стралой прамільгне,
Развінаючы бег, экспрэс.

Дай мне знаць пра сябе, дай знаць,
Вёска Слаўная!
Сустракай –
Горад Орша і ты, Купаваць,
І Смаленшчына – мужны край.

Дарагія мясціны мае,
Ад Захода да Нары-ракі,
Чым сягоння з вас хто жыве
І лятунак у вас які?

А настрэч цягнікі бягуць,
Цяжка дыхаюць, дол гудзе.
– А куды вы?
– А мы ў Беларусь,
Дзе вялікая праца ідзе.

– Вы адкуль?
Мы з Масквы, дружбак.
Вы адкуль?
Ад уральскіх стром.
Мы краіне тваёй, як знак
Дружбы нашай, падмогу вязём.

І лячу я, шчаслівы, туды,
Дзе відаць далі радасных дзён.
Добры дзень вам, мае гарады,
Ты прымі мой, Масква, паклон.

Можа, чутны на цэлы свет,
Лёгкім птахам ляціць экспрэс.
І глядзіць яму з ласкай услед
Край мой родны, мой родны Брэст.