Карват Владимир Николаевич

Карват Уладзімір Мікалаевіч (1958, Брэст 1996), ваенны дзеяч, першы Герой Беларусі (1996)

 

Уладзімір Мікалаевіч Карват – беларускі ваенны лётчык першага класа, падпалкоўнік, начальнік паветрана-агнявой падрыхтоўкі 61-й авіябазы, дыслацыраванай у горадзе Баранавічы. Загінуў 23 мая 1996 года пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта. 21 лістапада 1996 года быў пасмяротна ўдастоены звання «Герой Беларусі». Уладзімір Карват стаў першым Героем Беларусі.

Нарадзіўся Уладзімір Мікалаевіч у Брэсце. Працоўную дзейнасць пачаў у 1976 г. слесарам механазборачных работ. Вучыўся ў сярэдняй школе № 8. У 1981 г. скончыў Армавірскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, пасля чаго быў накіраваны для праходжання службы на Далёкі Ўсход, дзе прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Лятаў на самалёце МіГ-23. Асвоіў самалёты: Л-29, МіГ-23, Су-27. Агульны налёт – 1226 гадзін. Быў жанаты, жонка – Ніна Кірылаўна, дачка – Каця, 1982г., сын – Вячаслаў, 1989г. Пасля распаду СССР, у жніўні 1994 года па ўласным жаданні прыбыў для праходжання службы ва Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь.

11 верасня 1994 года прыняў прысягу на вернасць народу Беларусі. Быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й авіябазы. 23 мая 1996 года Карват выконваў навучальна-трэніровачны палёт па практыкаванню 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі» на самалёце Су-27 з нумарам 29. У практыкаванне быў уключаны палёт у аблоках з вялікімі вугламі крэну з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў аблоках на малай вышыні ў складаных метыяўмовах уначы.

Палёт пачаўся ў 22:44:31. У 22:52, калі самалёт знаходзіўся на вышыні 900 метраў, на хуткасці 540 км/г, Карват паведаміў, што загарэлася табло падзення ціску ў першай гідрасістэме. З зямлі загадалі неадкладна вяртацца на базу. Праз 29 секунд паведамленне пра непаладкі ў першай гідрасістэме знікла, але амаль адразу пачалі з'яўляцца паведамленні пра іншыя паломкі. На вышыні 600 м і хуткасці 440 км/г перастала працаваць сістэма кіравання.

Лётчык атрымаў загад катапульціравацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у бок. У 22:54, праз 14 секунд пасля паведамлення пра тое, што самалёт стаў непадкантрольны, СУ-27 разбіўся за кіламетр ад Арабаўшчыны.

Сведкамі катастрофы сталі многія мясцовыя жыхары, якія адразу паспяшаліся на дапамогу. Самалёт загарэўся, мясцовыя жыхары спрабавалі выцягнуць цела з кабіны. Сякераю былі перарублены рамяні, але выцягнуць пілота не атрымалася. Праз 20 хвілін прыбылі пажарныя з Гарадзішча, якія здолелі не дапусціць узгарання кабіны пілота, а пасля і затушыць полымя, але Карват загінуў пры падзенні. Цела пілота здолелі выцягнуць толькі на наступны дзень.

Паводле высноў камісіі, якая займалася расследаваннем прычын, катастрофа адбылася з-за пажару ў левым абцякальніку хваставой часткі. У гідрасістэме ўзнікла цеча, перагарэлі электрычныя кабелі і самалёт страціў кіраванне.

З Карватам развітваліся ў Баранавічах. Пахаваны Уладзімір Мікалаевіч 26 мая 1996 года ў Брэсце. У 2004 г. быў зняты фільм «Звычайны герой» пра Уладзіміра Мікалаевіча Карвата. У гэтым фільме Аляксандр Марфіцкі (з 2003 года – камандзір 61-й знішчальнай авіябазы) распавядаў пра тую катастрофу так: «Ён сапраўды здзейсніў гераічны ўчынак. Адвёў самалёт. Усё ж такі 24 тоны, 4 тоны паліва, калі б ён ўпаў недзе на населены пункт, там не адзін дом бы згарэў. Вельмі шмат было б ахвяр, тым больш, што гэта было ўначы, усе людзі знаходзіліся ў хатах, наступствы былі б самымі сумнымі».

У Брэсце у гонар Уладзіміра Карвата названа вуліца. Яна знаходзіцца ў заходняй частцы горада. Яе забудова пачалася ў другой палове XIX стагоддзя. Да 1997 г. гэтае імя насіла адна з вуліц былога ваеннага гарадка ў Паўднёвым, пераназваная затым у вул. Абаронцаў Айчыны. У 1998 годзе вул. Лермантава ў Брэсце стала называцца вуліцай Карвата (непадалёк знаходзяцца СШ N 8, дзе вучыўся Карват, дом, у якім жыве яго мама Агрыпіна Дзмітрыеўна Карват). Працягласць больш за 200 м – ад вул. Чыгуначнай да вул. Брэсцкіх дывізіі.

У 1997 годзе, у дзень нараджэння Карвата, на будынку школы № 8, дзе ён вучыўся, усталявана памятная дошка. 10 сакавіка 1997 года Савет Міністраў Беларусі пастановаю № 179 надаў гэтай школе імя Уладзіміра Мікалаевіча Карвата. У госці да вучняў СШ N 8 часта прыязджаюць аднапалчане героя. Штогод, у дзень нараджэння Уладзіміра Мікалаевіча, вучні і выкладчыкі збіраюцца ў двары школы на ўрачысты мітынг, потым яны адпраўляюцца да бюста Карвата на бульвар Касманаўтаў, каб ускласці кветкі, і на могілках «Плоска», дзе хлопцы даглядаюць за магілай загінуўшага лётчыка. І кожны год 23 мая ў музеі школы праходзіць Дзень мужнасці. Традыцыйным сярод устаноў адукацыі Ленінскага раёна Брэста стаў турнір па валейболе на прыз Уладзіміра Карвата. Паглядзець на фінальныя гульні абавязкова прыходзяць Агрыпіна Дзмітрыеўна і Слава – маці і сын героя. У 2012 г. у школе быў адчынены музей Уладзіміра Карвата.

На скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і вуліцы Гогаля 5 мая 2000 года усталяваны помнік герою. Помнік Уладзіміру Карвату пастаўлены не на самым месцы трагедыі, а ў самой вёсцы Арабаўшчына, перад Домам культуры.

Зацверджана іменная стыпендыя Героя Беларусі, якую атрымліваюць найлепшыя курсанты авіяцыйнага факультэту Ваеннай Акадэміі Беларусі, заснаваны Міжнародны турнір па міні-футболу на прыз Уладзіміра Карвата. Загадам міністра абароны № 263 ад 22 мая 1997 года падпалкоўнік Уладзімір Мікалаевіч Карват назаўсёды залічаны ў спісы 1-й авіяцыйнай эскадрыллі 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах. Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання «Саюз афіцэраў запасу» носіць імя У. М. Карвата.

У маі 2009 года ў Баранавічах на базе 61-й авіябазы адчынены музей Уладзіміра Карвата. Яшчэ ў Баранавічах існуе сквер імя Карвата. У Мінску яго імем названа вуліца. Пра Уладзіміра Мікалаевіча Карвата зняты фільмы «Звычайны герой»(2004), «Памятае неба» (2008).

Уладзімір Карват узнагароджаны : Герой Беларусі (1996, пасмяротна), ордэн «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені (1990), медаль «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1988).

↑ Літаратура:
1. Карват Владимир Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия. В. 7 т. Т.1 кн.1. Брестская область. Минск, 2009. С. 449.
2. Карват Уладзімір Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 2003. Т. 8. С. 64.
3. Герой Беларусі. Палёт ў бессмяротнасць [У. Карват] // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 638 - 639.
4. Карват Уладзімір Мікалаевіч // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 638.
5. Альшова, И. Первому Герою Беларуси посвящая… : 28 ноября 2008 г. В. Карвату исполнилось бы 50 лет / Ирина Альшова // Брестский вестник. 2008. 4 дек. С. 1.
6. Богданова, К. Прерванный полёт : 28 ноября первому Герою Беларуси В. Карвату исполнилось бы 50 лет / Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2008. 28 нояб. С. 3.
7. Гибок-Гибковский, А. Огромное небо Владимира Карвата : В эти дни исполняется пятнадцать лет подвигу первого героя Беларуси / Алесь Гибок-Гибковский // Народная газета. 2011. 19 мая. С. 5.
8. Грыцук, Т. А. Не згасне памяць пра героя / Т. А. Грыцук // Пачатковая школа. 2006. №4. С. 28.
9. Данилова, Е. Достучаться до сердец… : [ о фильме «Помнит небо», рассказывающем о В. Карвате] / Елена Данилова. // Заря. 2008. 13 нояб. С. 7
10. Иващенко, А. Полёт в бессмертие : [в СШ № 8 г. Бреста открылся музей В. Карвата] / А. Иващенко // Заря. 2012. 1 дек. С. 2.
11. Качук, Н. В созвездии героев : [первые герои Беларуси, Армении Украины, России, Казахстана, Туркменистана ] / Н. Качкук, А. Макаров // Армия. 2006. №3. С. 24 - 25.
12. Крэйдзіч, М. Над Арабаўшчынай неба чыстае… : [памяці У. Карвата] / Марыя Крэйдзіч // Народная трыбуна. 2006. 27 мая. С. 8.
13. Литвинович, Е. Его помнят и любят, им гордятся… : [ о Владимире Карвате] / Евгений Литвинович // Заря. 2006. 23 мая. С. 2.
14. Тулин, Ф. Первый герой Беларуси : [о Владимире Карвате] / Фёдор Тумин // Брестский вестник. 2009. 29 янв. С. 4.
15. Юркевич, Е. Полёт в бессмертие совершил 10 лет назад лётчик Владимир Карват / Елена Юркевич // Заря. 2006. 23 мая. С. 1,2.