Душа крылатая ў слова…

Любіце, ведайце і
шануйце мову свайго
народа і умейце
дасканала валодаць ёю.
Якуб Колас

21 лютага ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. Нам, беларусам, у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Беларуская мова – адна з дзвюх дзяржаўных моў нашай краіны.

У рамках святкавання Дня роднай мовы, а таксама ў рамках праекта «Кожная пятніца – роднае, сваё» спецыяльная бібліятэка-філіял № 12 запрасіла ў госці студэнтаў філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна, маладую паэтку Кацярыну Мізерыя, а таксама прадстаўнікоў Брэсцкай абласной арганізацыіі ГА «БелТіЗ. У гэты дзень мы паспрабавалі стварыць у бібліятэцы сапраўдную прастору жывой беларускай мовы, каб кожны адчуў яе хараство і непаўторнасць.

Студэнты пазнаёмілі прысутных з гісторыяй узнікнення Дня роднай мовы, пачыталі цудоўныя і мілагучныя вершы беларускіх класікаў. Маладая паэтка Кацярына Мізерыя прачытала свае прыгожыя вершы і расказала пра свой літаратурны шлях. На мерапрыемстве таксама прысутнічала намеснік дэкана філалагічнага факультэта Святлана Феадосьеўна Бут-Гусаім, якая пазнаёміла з творчымі праектамі па папулярызацыі беларускай мовы, якія рэалізуюцца на філалагічным факультэце.

У заключэнні мерапрыемства гасцям была прапанавана гульня «Родныя словы» , у якой чытачы бібліятэкі з задавальненнем прымалі ўдзел.