У жніўні 1944 г., адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачалася падрыхтоўка рабочых кадраў. Адыходзячы, вораг знішчаў усё, што заставалася на нашай тэрыторыі. Перад народам і дзяржавай паўстала пытанне, як аднавіць разбураную вайной гаспадарку і аказаць максімальную дапамогу фронту. Для выканання гэтых задач Пастановай Беларускага ўрада было створана 15 вучылішч, у тым ліку і «Рамеснае вучылішча сувязі № 15».
Пачатак навучальнага працэса пачаўся ў лістападзе 1944 г. па распараджэнню Брэсцкага абласнога ўпраўлення Міністэрства сувязі. Першы ўнутраны загад за №1 быў выдадзены яшчэ 28 жніўня 1944 г. за подпісам дырэктара Шанурэнка, калі толькі пачалося фарміраванне калектыва маладога вучылішча.
12 верасня 1944г. дырэктарам быў прызначаны Куст Васіль Маркавіч. Навучальная ўстанова ў той час размяшчалася ў будынку гасцініцы па вул. Пушкінскай. Будынак быў разбураны, не было неабходнага абсталявання для навучання, не было падручнікаў, паперы, пісьмовых прылад, не хапала інжынерна-педагагічных работнікаў. Аднак, нягледзячы на вялікія цяжкасці, вучылішча ажыццявіла першы набор навучэнцаў. Першымі спецыяльнасцямі сталі «сталяр» і «слесар-інструментальшчык». Пазней да іх дадаліся: у 1945 г. «механік тэлеграфа», «наглядчык гарадской тэлефоннай сеткі»; ў 1946 г. «наглядчык радыёвузлоў», «наглядчык тэлеграфна-тэлефонных ліній»; ў 1948 г. «наглядчык кабельных ліній сувязі»; ў 1949 г. «паштова-тэлеграфны агент».
19 снежня 1944 г. дырэктарам вучылішча становіцца Паверскі Рыгор Мікалаевіч.
З 12 лістапада 1945 г. абавязкі дырэктара выконвае Васілеўскі Барыс Аляксандравіч.
Першы выпуск РУ №15 адбыўся 1947 г. З мэтай паляпшэння ўмоў вучобы і побыту ў 1949 г. Спец РУ№15 было пераведзена ў будынак па вул. Кірава, 82, дзе знаходзіцца і дагэтуль. У новым навучальным корпусе абсталявалі майстэрні радыётэхнікі, класы для навучання працы на апаратах Морзэ, лінейна-кабельныя майстэрні, палігоны паветраных і кабельных ліній сувязі, слясарныя майстэрні, кузня.
На 1 студзеня 1949 г. тут навучаліся 192 чалавекі. Працавала 12 выкладчыкаў і 7 майстроў п / а. У мэтах паляпшэння методыкі выкладання і абмену вопытам практыкавалася ўзаеманаведванне ўрокаў, па выніках якіх, ствараліся справаздачы.
З мэтай павышэння якасці падрыхтоўкі былі пабудаваны два навучальных кабельных палігоны працягласцю 100 метраў. У мініяцюры абсталявана паветраная лінія з профілямі (наглядны дапаможнік для наглядчыкаў ГТС, НДТ, ТТЛ.) Хатнія заданні выконваліся ў класах, у прысутнасці выхавальнікаў і дзяжурнага выкладчыка на працягу трох гадзін, пасля абеду і двухгадзіннага перапынку на адпачынак. Двойчы ў месяц у вучылішчы выходзілі насценгазеты. Кожны нумар быў прысвечаны якой-небудзь гістарычнай даце, або падзеі ў жыцці вучылішча. У вучылішчы было разгорнута сацыялістычнае спаборніцтва з мэтай эканоміі матэрыялаў і электраэнэргіі, захаванасці абсталявання і інструментаў, выканання нормаў працоўнага часу, павышэння якасці работ.
З ліпеня 1952 г. дырэктарам становіцца Ігнаценка Рыгор Германавіч.
У чэрвені 1957 г. Спец РУ № 15 сувязі пераўтворана ў Прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 1 з 12-гадовым тэрмінам навучання. Вучылішча было разлічана на 175 навучэнцаў. Прымаліся дзеці 7-гадовага ўзросту, выхаванцы дзіцячых дамоў. Праграма навучання ўключала курс сярэдняй школы і спецпрадметы – электратэхніку, радыётэхніку, электраматэрыялазнаўства, тэхнічную механіку. Вялікая ўвага надавалася фізічнаму і этычнаму выхаванню. Працавалі спартыўныя секцыі.
9 снежня 1963 г. навучальная установа была перайменавана ў Брэсцкае гарадское ПТВ №1.
Дырэктарам вучылішча з 1973 г. працуе Васіль Сцяпанавіч Пухоўскі. У якасці майстроў вытворчага навучання прыходзяць у вучылішча яго былыя выпускнікі Барысенка Васіль Васільевіч, Васько Віктар Пятровіч, Турык Мікалай Паўлавіч. Бесперапынна ўдасканальвалася і мацнела матэрыяльна-тэхнічная база вучылішча, якое было асноўнай кузняй кадраў для прадпрыемстваў сувязі. На сродкі Міністэрства сувязі рэспублікі, абласнога вытворча-тэхнічнага кіравання сувязі вучылішча значна змянілася. Да старога навучальнага корпусу быў прыбудаваны новы будынак, з актавай залай на 300 месцаў і сталовай на 100 месцаў, інтэрнат на 370 месцаў, збудавана спартыўная зала. Рэканструіраваліся навучальныя кабінеты і майстэрні, створана навучальнае паштовае аддзяленне. ТУ атрымала 10 тэлеграфных апаратаў і 3 электронных комплексаў ад абласнога ўпраўлення сувязі. Выпускнікі вучылішча атрымлівалі размеркаванне і працавалі ў многіх кутках Савецкага Саюза.
Дырэктарам вучылішча з 1 снежня 1981 г. стаў Зданевіч Георгій Мікалаевіч. У 1984 г. вучылішчу прысвоены іншы нумар, і яно стала СПТВ-51, а ў 1989 г. стала «Брэсцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №51 сувязі» (ПТВ-51 сувязі). У 1998 г. пераўтворана ў Вышэйшае прафесійнае вучылішча сувязі, у якім навучэнцы па спецыяльнасці сакратар-рэферэнт сталі атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю.
З 2002 г. навучальная ўстанова насіла назву «Брэсцкі прафесійна-тэхнічны каледж сувязі». З ліпеня 2003 г. і па цяперашні час «Брэсцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сувязі».
Узначальвае каледж Куіш Міхаіл Міхайлавіч. Плённа працуюць Клімовіч Святлана Фёдараўна, Дубоўская Наталля Яўгеньеўна, Мартынава Іна Чаславаўна, Ліпко Вольга Віктараўна, Алехніна Людміла Іванаўна, Румак Галіна Барысаўна, Францэвіч Алена Уладзіміраўна. У ліку спецыяльнасцяў: «Мантаж і эксплуатацыя абсталявання сувязі»; «Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання»; «Паштовая сувязь»; «Дакументазнаўства, інфармацыйнае і арганізацыйнае абслугоўванне»; «Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт электронна-вылічальнай тэхнікі».
З мэтай арганізацыі дасугавай дзейнасці ў каледжы арганізавана работа гурткоў: мастацкай самадзейнасці, тэхнічнай творчасці, спартыўныя. У вучылішчы строга выконваецца парадак працы сцяннога друку. Выпускаецца незалежнае выданне калектыву работнікаў і навучэнцаў – газета «Перакрыжаванне». Газета асвятляе падзеі з жыцця каледжа, надае месца святочным і памятным датам календара, падымае некаторыя праблемы, размяшчае біяграфічныя нарысы пра выкладчыкаў. За высокі маральны і мастацкі ўзровень газета была ўзнагароджана дыпломам Рэспубліканскага конкурсу за лепшае друкаванае выданне «Проба пяра» і фестывалю школьнай прэсы «Пунсовыя ветразі».
З 2007-2008 навучальнага года і па цяперашні час БГПТК сувязі рыхтуе спецыялістаў па інтэграваных спецыяльнасцях. За гады існавання каледж падрыхтаваў і выпусціў больш за 15 тысяч кваліфікаваных работнікаў па 45 прафесіях. Сапраўдную славу каледжу прыносяць яго выпускнікі, многія з якіх сталі высокакваліфікаванымі спецыялістамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў, педагогамі, навуковымі работнікамі, спартсменамі.
Літаратура:
1. Ильяшук, Н. Связанные одной нитью : [70 лет Брестскому государственному коледжу связи] / Надежда Ильяшук // Брестский вестник. 2014. 4 дек. (№49). С.5.
2. Куц, Е. На связи 70 лет! : [Брестский государственный коледж связи] / Елена Куц // Заря. 2014. 6 февр. С. 6.
3. Лопатникова, Я. Брестские коледжи отпраздновали своё 70-летие [Бресткий государственный коледж связи и Брестскій государственный профессиональный лицей встретили своё 70-летие ] / Яна Лопатникова // Брестский курьер. 2014. 4 дек. (№49). С. 8.
4. Свинтилова, Н. От министра до спортсмена : [ 60 лет Брестскому государственному профессионально-техническому колледжу связи] / Н. Свинтилова // Вечерний Брест. 2004. 10 дек. С. 5.
5. Шатило, Н. Брестскому колледжу связи – 70 / Ирина Шатило; Виктория Саченко // Брестская газета. 2014. 5 дек. (№49). С. 6.