Берасцейская літаратурная скарбніца

Прэзентацыя шостага выпуску літаратурнага альманаху «Берасцейская скарбніца» адбылася ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна.

Ініцыятар выдання альманаху – старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч. Менавіта яна з’яўляецца рэдактарам і складальнікам усіх шасці выпускаў альманаху. Таццяна Анатольеўна распавяла слухачам цікавыя звесткі з гісторыі выдання зборнікаў.

Першы нумар «Берасцейскай скарбніцы» выйшаў летам 2018 года. І адразу заваяваў сваё пачэснае месца сярод чытачоў. У зборніках друкаваліся аўтары не толькі з Брэста і Брэсцкай вобласці, у асобныя выпускі ўвайшлі раздзелы «Масты сяброўства». Выпускі розных гадоў ўключалі ў сябе тэматычныя раздзелы: «Першы крок», «Ратнае поле», «Дзіцячы гарадок», «Капліца памяці», «Гасцёўня», «Конкурсы», «Стоп, Сovid», «75 мірных гадоў».

Шосты выпуск альманаху складаюць дзве часткі: «Жамчужныя россыпы» і «Іскры з-пад капытоў Пегаса». Гэта вершы і кароткая проза трыццаці двух аўтараў з Брэста і Брэсцкай вобласці.

На прэзентацыі кнігі выступілі паэты: Васіль Барысюк і Георгій Тамашэвіч, Вера Вакула і Ірына Морых, Анастасія Сміліна і Наталля Кандрашук. Анатоль Брытун і Ірына Фаміна пазнаёмілі слухачоў са сваімі новымі празаічнымі творамі. Зінаіда Дудзюк зачытала свае новыя вершы і мастацкія гумарыстычныя пародыі.

На прэзентацыю «Берасцейскай скарбніцы» прыехалі ўдзельнікі літаратурнага клуба «ПоэтиКо» з горада Кобрына: Надзея Момлік, Алена Котава і Марына Міхалюк.

Надзея Парчук, Васіль Казачок, Галіна Бабарыка даслалі гледачам свае відэазвароты.

У літаратурны кантэкст сустрэчы гарманічна ўпісаліся лірычныя песні ў выкананні Алесі Барысюк і Ангеліны Марчук.