Берасцейскія краявіды

5 снежня ў «Арт-прасторы бібліятэкі» адкрылася выстава жывапісу «Нашы краявіды», прысвечаная 85-годдзю стварэння Брэсцкай вобласці.

На ёй прадстаўлена больш за дваццаць пяць мастацкіх карцін васьмі студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта імя А. С. Пушкіна. Куратары выставы – выкладчыкі універсітэта Марчук Валерый Іванавіч і Марчук Марына Уладзіміраўна.

Брэсцкія дворыкі, архiтэктурныя пейзажы, храмы, капліцы, палацы, прырода беларускага Палесся выкананы ў тэхніцы алейнага жывапісу падчас правядзення краязнаўчых пленэраў, арганізаваных творчай майстэрняй выяўленчага мастацтва «Повязь».

На вернісажы пачыталі свае вершы маладыя паэтэсы, выпускніцы філалагічнага факультэта універсітэта Марыя Наумчык, Валянціна Вандзіч, Кацярына Мізерыя.

Пазнаёміцца з экспазіцыяй можна будзе да канца года падчас працы бібліятэкі.