Святы прападобнамучанік Афанасій Брэсцкі нарадзіўся каля 1597 года ў набожнай сям’і брэсцкіх гараджан Філіповічаў. У маладыя гады ён служыў хатнім настаўнікам у дамах шляхты, у тым ліку і ў канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Разгульнае жыццё пры дварах магнатаў толькі мацавала ў прападобным Афанасіі намер пазбавіцца жыццёвай мітусні і прысвяціць сябе Богу. Гады служэння прападобнамучаніка Афанасія прыпалі на час усталявання на праваслаўных землях Вялікага княства Літоўскага царкоўнай уніі з Рымам. Але ён свядома выбраў шлях праваслаўнага манашаскага падзвіжніцтва, каб усімі магчымымі сродкамі адстойваць права на вызнанне сваёй бацькоўскай веры.
У 1627 годзе Афанасій накіраваўся ў Віленскі Свята-Духаў манастыр, дзе прыняў манашаскі пострыг ад ігумена Іосіфа Бабрыковіча. Адсюль прападобны Афанасій быў пасланы на паслушанне спачатку ў Куцеінскі манастыр пад Оршай, а затым — у Міжгорскі каля Кіева. З Міжгор’я Афанасій зноў выехаў у Вільню, дзе праз некаторы час быў узведзены ў сан іераманаха і неўзабаве прызначаны намеснікам Дубойскай абіцелі пад Пінскам. У 1636 годзе абіцель была адабрана ў праваслаўных і перададзена пінскім езуітам, што выклікала вялікае абурэнне і пратэсты насельнікаў. Прападобны Афанасій перайшоў на паслушанне ў суседні Купяціцкі манастыр, які славіўся сваёй цудадзейнай іконай Божае Маці. У 1638 годзе ён здзейсніў падарожжа ў Маскву, каб сабраць міласціну на манастыр і паведаць маскоўскаму цару Міхаілу пра крыўды праваслаўным у Рэчы Паспалітай.
У 1640 годзе святы Афанасій выбраны ігуменам Свята-Сімяонава манастыра ў Брэсце. Прыбыўшы ў Брэст, прападобны Афанасій перш за ўсё адшукаў старыя епіскапскія і каралеўскія граматы, якімі пацвярджаліся манастырскія правы і прывілеі. Знайшоўшы ў граматах, што «унія з старым Рымам, прынятая насуперак законам Усходняй Царквы, праклятая навекі», прападобны Афанасій пачаў даводзіць гэта адкрыта ў храме і іншых месцах. Ва ўсім ваяводстве уніяты захваляваліся, адчуваючы вялікую трывогу.
Святы Афанасій неаднаразова ездзіў у Варшаву, звяртаўся да польскага караля і сейма, пераконваючы і патрабуючы абараніць правы праваслаўных, апавядаючы пра крыўды і ўціск з боку езуітаў і уніятаў. Да смелых выкрыванняў падзвіжніка ў Варшаве паставіліся з вялікім незадавальненнем і адправілі яго на суд да Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы.
У Кіеве Афанасія апраўдалі і па просьбе браціі Брэсцкага манастыра ўзнавілі ў ігуменстве. Па вяртанні ў Брэст прападобны Афанасій цалкам аддаўся манашаскім подзвігам. Адасобленае жыццё інакаў, аднак, раз за разам парушалася нападамі на манастыр, здзекамі, кпінамі і рознымі выпрабаваннямі.
У 1644 годзе Афанасія як парушальніка спакою арыштавалі, адвезлі ў Варшаву, закавалі ў кайданы. У такіх умовах ён заставаўся больш за год. У зняволенні святы Афанасій склаў малітваслоўе, якое спяваў, каб зменшыць душэўны боль. Каралю Уладзіславу IV ён напісаў тры пасланні з просьбай абараніць Праваслаўную Царкву ў Вялікім княстве Літоўскім.
Выконваючы волю караля, мітрапаліт Пётр Магіла пакінуў Брэсцкага ігумена ў Кіева-Пячэрскім манастыры. Там святы Афанасій напісаў адзін з найлепшых сваіх твораў — «Дыярыуш» («Дзённік»), у якім выкрыў здрадніцкую сутнасць уніі, вобразна паказаў адну з гістарычных старонак барацьбы праваслаўнага народа супраць рыма-каталіцкай агрэсіі.
У 1648 годзе святога Афанасія зноў арыштавалі паводле ілжывага абвінавачання ў дапамозе паўстаўшым казакам. У ноч на 5 верасня 1648 года гайдукі прывялі яго ў сасновы бор ля вёскі Гершоны. Там прымусілі выкапаць сабе яму, а потым страшэнна катавалі распаленым жалезам, прымушаючы адмовіцца ад выказванняў супраць уніі і каталіцызму. Не губляючы самавалодання, святы падзвіжнік мужна адказаў катам: «Што я казаў, тое сказаў, і з тым паміраю». Пасля гэтых слоў аднаму з гайдукоў загадалі страляць у святога Афанасія. Уражаны мужнасцю і стойкасцю ігумена, гайдук перад выкананнем загаду прасіў у святога прабачэння і пастырскага благаславення. Яшчэ жывога прападобнамучаніка скінулі ў яму. Абаронца веры Хрыстовай павярнуўся тварам уверх, склаў рукі крыжападобна і аддаў душу сваю Госпаду.
Восем месяцаў цела пакутніка за Праваслаўе, засыпанае зямлёй, ляжала без царкоўнага пахавання. Толькі ў маі 1649 года інакі знайшлі нятленнае цела ігумена, перанеслі ў свой манастыр і з пашанаю пахавалі ля правага кліраса ў галоўным храме брэсцкага манастыра ў гонар святога Сімяона Стоўпніка.
Прападобны Афанасій быў прызнаны святым хутка пасля сваёй пакутніцкай смерці. У 1666 годзе ў Брэсце было складзена Жыціе на польскай мове, у якім ігумен Афанасій называецца «святым і прападобнамучанікам». У 1815 годзе ў час пажару, які здарыўся ў Брэсцкім Сімяонавым манастыры, драўляны манастырскі храм згарэў, а медная грабніца з мошчамі святога расплавілася. Абгарэлыя мошчы, якія ацалелі ў пажары, былі пакладзены ў каўчэг і пастаўлены для ўсенароднага пакланення ў Благавешчанскай манастырскай царкве. У 1833 годзе манастырскія пабудовы знесены ў сувязі з будаўніцтвам Брэсцкай крэпасці, а мошчы перанесены ў Свята-Мікалаеўскі сабор. Штогод, у дзень памяці, іх урачыстым хрэсным ходам абносілі вакол сабора. Пасля ўзвядзення ў Брэсце новага мураванага Сімяонаўскага сабора святыя мошчы прападобнага перанесены ў гэты храм.
У час Першай сусветнай вайны святыя мошчы былі вывезены ў Францыю. Толькі ў 1995 годзе часцінка мошчаў была вернута ў Брэст і цяпер знаходзіцца ў кафедральным Свята-Сімяонаўскім саборы. У Віцебску, Мінску і Слоніме пабудаваны храмы, асвячоныя ў гонар святога Афанасія. З 1996 года ў Брэсце (раней вёска Аркадзія), на месцы гібелі свяшчэннамучаніка, дзейнічае Свята-Афанасьеўскі мужчынскі манастыр.
Літаратура:
1. Цітавец А. А. Афанасій Брэсцкі / А. А. Цітавец // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск : БелЭн, 2001. С. 26.
2. Філіповіч Афанасій // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1995. С. 325–326.
3. Коршунов, А. Афанасий Филиппович / А. Коршунов. Минск, 1965. 179 с.
4. Курков, И. Битва за веру / И. Курков // Курков, И. Брестчина : легенды, события, люди. Минск, 2005. С. 54–58.
5. Чаропка, В. Святы змагар / В. Чаропка // Чаропка, В. Лесы ў гісторыі. Мінск, 2005. С. 244–249.
6. Козел, А. А. Афанасий Филиппович / А. А. Козел // Козел, А.А. Философская мысль Беларуси. Минск, 2004. С.155–159.
7. Левшун, Л. Афанасий Филипович, игумен Брестский и его Диариуш / Л. Левшун // Левшун, Л. История восточнославянского книжного слова XI-XVII веков. Минск, 2001. С. 291–307.
8. Яскевіч, А. Служэнне бацькаўскай веры Афанасія, ігумена Брэсцкага / А. Яскевіч // Яскевіч, А. Падзвіжнікі і іх святыні. Мінск: 2001. С. 212–221.
9. Ляшук, В. Я. Канфесійная барацьба і яе адлюстраванне ў творах пісьменнікаў-землякоў / В. Я. Ляшук //Ляшук, В. Я., Снітко, Г. М. Літаратура Берасцейшчыны. Брэст, 1999. С. 25–31.
10. Афанасій Філіповіч // Гісторыя беларускай літаратуры. Мінск, 1998. С. 244–253.
11. Сутько, Ю. При жизни — борец, после смерти — святой / Ю. Сутько // Берасцейскія карані *98. Брэст, 1998. С. 212–214.
12. Костомаров, Н. Афанасий Филиппович, борец за православную веру в Западной Руси / Н. Костомаров // Костомаров, Н. Раскол. Москва, 1994. С. 431–456.
13. Автор «Диариуша, албо списка дъев правдивых» // Белорусский «экватор». Минск, 1988. С. 316–318.
14. Тарасов, К. Честь / К. Тарасов // Тарасов, К. Память о легендах. Минск, 1984. С. 81–95.
15. Кононович, Н. Брестский по праву / Наталья Кононович // Брестский вестник. 2020. 20 февраля (№ 8). С. 20.
16. Саганович, Г. Н. Две веры — два мира? : Афанасий Филиппович и Алексей Дубович — два белоруса XVII века / Генадь Саганович // Нёман. 2020. № 2. С. 133–142.
17. Лосіч, П. Горад і людзі : Хто праслаўляў Брэст на працягу тысячагоддзя / П. Лосіч // Звязда. 2019. 5 верасня (№ 168). С. 1, 13.
18. Афанасій Брэсцкі Дыярыуш, або Апісанне праўдзівых падзей : Гісторыя маскоўская пра образ Прасвятой Багародіцы / Афанасій Філіповіч ; пераклад са стараславянскай і прадмова Івана Саверчанкі // Полымя. 2008. № 7. С. 119–138.
19. Гаранін, С. Афанасій Філіповіч і яго “Дыярыуш”: Сістэма гістарычных і эстэтычных ідэалаў пісьменніка / С. Гаранін // Роднае слова. 2003. №1. С.22–26.
20. 410 год з дня нараджэння Афанасія Брэсцкага (Філіповіча Афанасія; каля 1595 ці каля 1596 ці 1597(?)—1648), святога беларускай праваслаўнай царквы, грамадскага, палітычнага і царкоўнага дзеяча, пісьменніка-публіцыста // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2005. № 10. С. 4–7. – (Дадатак "Даты беларускага календара").
21. Саверчанка,І. Афанасій Філіповіч / І. Саверчанка // Роднае слова. 2003. №1. С.14–19.
22. Асіноўскі, С. Такія розныя аднолькавыя лёсы / С. Асіноўскі // Беларуская мінуўшчына. 1997. №3. С. 31–37.
23. Чаропка, В. Афанасій Філіповіч / В. Чаропка // Полымя. 2002. №1. С.184–189.
24. Пятроў М., Жук М. «…То не чалавек стаяў, стаяла вера» / М. Пятроў, М. Жук // Беларуская думка. 1997. № 3. С. 159–165.