Янка Купала. Яго імя належыць Беларусі

Славу паэтаў разносяць па свеце,
Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай,
Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?
Ат! ведама, з вёскі — Янка Купала!
Янка Купала

Класік сусветнай і беларускай літаратуры, народны паэт Беларусі Янка Купала – адзін з самых яркіх і прызнаных майстроў слова. Выступаў як паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч. Творы беларускага песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў.
Янка Купала – літаратурны псеўданім Івана Дамінікавіча Луцэвіча, які быў падказаны яму ўласнай датай нараджэння – 25 чэрвеня (7 ліпеня па новым стылі) 1882 года. Менавіта ў гэты дзень беларусы адзначаюць авеянае легендамі старажытнае народнае свята Купалле.
11 мая 1907 г. у газеце «Наша Ніва» змешчаны верш «Касцу», які стаў першым выступленнем Я.Купалы ў беларускамоўным друку. Пасля гэтага Я.Купала ў «Нашай Ніве» друкаваўся рэгулярна. Факсімілнае выданне Наша Ніва. Выпуск 1 (1906 – 1908) прадстаўлена на кніжнай выставе “Веліч радка Янкі Купалы”, якая дэманструецца ў чытальнай зале Брэсцкай ЦГБ імя А.С.Пушкіна да дня нараджэння знакамітага пісьменніка. На кніжных паліцах таксама прадстаўлены кніжна-ілюстрацыйныя матэрыялы аб жыцці і літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы , асобныя кнігі паэта.
Дзень нараджэння Янкі Купалы – добрая нагода ўспомніць гэтага таленавітага паэта, які пакінуў заўважны след у гісторыі і культуры Беларусі.