Абаронца Брэсцкай крэпасці, Герой Савецкага Саюза (1965), Ганаровы грамадзянін г. Брэста
Нарадзіўся Андрэй Мітрафанавіч 20 жніўня 1907 г. ў вёсцы Селікса Пензенскай вобласці ў сялянскай сям'і. Мардвін.
У 1921 г. ад рукі бандыта загінуў яго бацька, і 14-гадовы хлопчык стаў карміцелем вялікай сям'і. Скончыўшы сельскую школу, ён працаваў на лесанарыхтоўках.
На службу ў пагранічныя войскі АДПУ СССР Андрэй Мітрафанавіч Кіжаватаў быў прызваны 15 лістапада 1929 г. Ён пачынаў сваю службу курсантам школы малодшага начсаставу 7-га асобнага артылерыйскага дывізіёна, а пасля яе заканчэння ў 1930 г., быў назначаны камандзірам гарматы ў асобны конны дывізіён Беларускай пагранічнай акругі. З лістапада 1932 г. Кіжаватаў на звыштэрміновай службе. Ён праходзіў службу на Кукавіцкой заставе Цімкавіцкага пагранатрада. З сакавіка 1936 г. Кіжаватаў старшына заставы, а з мая 1938 г. памочнік начальніка заставы. У 1939 г. яму было прысвоена воінскае званне "малодшы лейтэнант" і ў верасні гэтага ж года ён прызначаны выконваючым пасаду начальніка заставы ў Брэсце. Член ВКП (б) з 1939 г. 17 ліпеня 1940 г. малодшы лейтэнант А.М. Кіжаватаў быў прызначаны начальнікам 9-й заставы, якая размяшчалася ў Брэсцкай крэпасці. 25 лютага 1941 г. яму прысвоена званне "лейтэнант".
C першых хвілін Вялікай Айчыннай вайны лейтэнант Кіжаватаў ўзначаліў абарону сваёй заставы, будынак якой быў разбураны першымі залпамі варожых гармат. Байцы, пад кіраўніцтвам Кіжаватава, адбілі 22 чэрвеня шэсць варожых нападаў, двойчы самі пераходзілі ў контратаку. Камандзір быў паранены, але працягваў кіраваць абаронай. У ноч на 23 чэрвеня Андрэй Мітрафанавіч пад прыкрыццём невялікага заслона, пакінутага на руінах заставы, перавёў сваіх байцоў у падвальнае памяшканне казармаў 333-га стралковага палка. З гэтай ночы лейтэнант Кіжаватаў разам з камандзірамі палка старэйшым лейтэнантам Патапавым і лейтэнантам Саніным узначалілі абарону заходняга сектара Цэнтральнага вострава Брэсцкай крэпасці – казармаў палка і Цярэспальскіх варот.
Абаронцы крэпасці бачылі параненага ў баях лейтэнанта за станковым кулямётам каля акна амбразуры, то ў першых радах абаронцаў, а ў хвіліны зацішша – сярод параненых, жанчын і дзяцей, якіясхаваліся ў падвалах крэпасці. Сям'я Андрэя Мітрафанавіча была тут жа, а дачка Нюра – у ліку абаронцаў крэпасці.
29 чэрвеня сыходзіла ў прарыў чарговая група, а цяжкапаранены Кіжаватаў з групай байцоў застаўся ў прыкрыцці. У гэты дзень ён загінуў...
Увосень 1942 г. гітлераўскія каты расстралялі сям'ю лейтэнанта Кіжаватава – маці, жонку і траіх дзяцей. На 27 кіламетры Ковельскай шашы ўсталяваны помнік-абеліск.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 6 мая 1965 г. за выкананне баявых заданняў камандавання на франтах барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і праяўленыя пры гэтым адвагу і гераізм лейтэнанту Кіжаватаву Андрэю Мітрафанавічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Ён стаў другім пасля П. М. Гаўрылава абаронцам Брэсцкай крэпасці, які атрымаў гэтае высокае званне. І апошнім.
У 1967 г. вуліца Працоўная ў Брэсце была перайменавана ў вуліцу Кіжаватава. У Кобрыне, Мінску і Пензе таксама ёсць вуліцы, якія носяць яго імя. Імя лейтэнанта А. М. Кіжаватава высечана на гранітнай пліце мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць – герой". Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР ад 15 жніўня 1963 г. роднае сяло героя – Селікса Пензенскай вобласці перайменавана ў сяло Кіжаватава. Сярэдняя школа ў радным сяле таксама названая імем земляка-героя. На доме Героя – мемарыяльная дошка, а ў школе ўстаноўлены бюст і адкрыты мемарыяльны музей. Акрамя таго, імёнамі "Андрэй Кіжаватаў" і "Нюра Кіжаватава" названы два цеплаходы Дунайскага параходства. У 1985 г. А. М. Кіжаватаў быў ўдастоены звання "Ганаровы грамадзянін горада Брэста" (пасмяротна). У Брэсце яму ўсталяваны помнік. У Цюмені усталяваны барэльеф Героя.
Пастановай Савета Міністраў СССР імя А.М. Кіжаватава было прысвоена 30 мая 1958 г. 11-й пагранічнай заставе Брэсцкай пагранічнай групы. 22 чэрвеня 1958 г. на фасадзе будынка памежнай заставы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. На сённяшні дзень 11-я памежная застава імя Героя Савецкага Саюза А.М. Кіжаватава ахоўвае беларуска-польскі ўчастак мяжы па рачным участку працягласцю каля 8 кіламетраў.
Літаратура:
1. Кижеватов Андрей Митрофанович // Герои Советского Союза: краткий биогр. слов. Т. 1. Москва, 1987. С. 646.
2. Кижеватов Андрей Митрофанович // Регионы Беларуси : энциклопедия. В. 7т. Т.1 кн.1. Брестская область. Минск,2009. С.454.
3. Кижеватов Андрей Митрофанович // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 229.
4. Кіжаватаў Андрэй Мітрафанавіч// Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 255.
5. Кижеватов Андрей Митрофанович// Республика Беларусь : энциклопедия : [в7т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 33.
6. Кижеватов Андрей Митрофанович // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Кн.1.Мінск, 1997.С. 522.
7. Кижеватова улица // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 229.
8. Іх імёны ў навах вуліц : [ вуліца Кіжеватава] // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Кн.2.Мінск, 2001.С. 162.
9. Лейтенант А. М. Кижеватов. Минск, 1985. 6 с. : ил.
10. Лейтенант А. М. Кижеватов. Минск, 1976. 6 с. : ил.
11. Лейтенант А. М. Кижеватов. / Автор текста Т. Ходцева. Минск, 1972.
12. Бокк, Э. “Я – крепость…” : [Андрей Митрофанович Кижеватов] / Э. Бокк, М. Супонев // Советский спорт. 1985. 23 марта.
13. В память о герое: [Андрей Митрофанович Кижеватов] // Заря. 2005. 7 мая.
14. Милованов, В. Дочь командира : [Нюра Кижеватова] / В. Милованов // Пензенская правда. 1983. 9 мая.
15. Постников, Н. Достойные наследники героя: [Андрей Митрофанович Кижеватов] / Николай Постников // Заря. 2007. 18 августа.
16. Становский, В. Крепость: [Андрей Митрофанович Кижеватов] / В. Становский // Московская правда. 1986. 22 июня.
17. Толочин, А. Остался навеки: [Андрей Митрофанович Кижеватов] / Антон Толочин // Брестский вестник. 2009. 29 января.