З сярэдзіны XIII стагоддзя ў землях, якія цяпер адпавядаюць тэрыторыі сучаснай Беларусі, адбыліся кардынальныя змены. Літоўскі князь Міндоўг аб'яднаў пад сваёй уладай частку літоўскіх і ўсходнеславянскіх зямель, паклаўшы пачатак дзяржаве, вядомай як Вялікае княства Літоўскае, працэс фарміравання якой быў працяглым. Дынастычныя шлюбы, пагадненні (у рэдкіх выпадках – захопліванне) паміж асобнымі княствамі прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб'яднання. У аснове гэтага працэсу было мноства прычын, аднак галоўнымі былі: стварэнне палітычнага, ваеннага і эканамічнага саюзу супраць крыжакоў, галіцка-валынскіх князёў, татара-манголаў.
У канцы XIII пачатку XIV стагоддзя Бярэсце не маглі паміж сабой падзяліць літоўскія і польскія князі. У 1282 г. гарадскі ваявода Ціт адбіў напад на Бярэсце войскаў Мазавецкага княства. Берасцейская зямля, якая ўяўляла сабой прадмет суперніцтва паміж галіцка-валынскімі і польскімі князямі, была пад пагрозай заваявання мангола-татарамі.
У кіраванне ст. князя Гедыміна (1316-1341гг.) да Вялікага княства Літоўскага мірна далучыліся Полацак, Гродна, Віцебск, Мінск, Тураў і Пінск. Былі сабраныя разам усе беларускія землі, акрамя Палесся. У 1319 годзе вялікі князь літоўскі Гедымін «без асаблівага супраціву» далучыў да Вялікага княства Літоўскага і Берасцейскую зямлю. Так Бярэсце ўвайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага.
Аднак гэта не ўратавала горад ад чарговых заваёўваннёў. Неўзабаве Бярэсце адабраў валынскі князь Андрэй Юр'евіч. Князь ВКЛ Гедымін рабіў спробы адваяваць такі стратэгічна важны для княства горад у 1324 і 1336 гг.
Станам палітычнай няпэўнасці скарысталіся рыцары Тэўтонскага ордэна, якія ў 1334 годзе захапілі Бярэсце. У 1337-ым г. Бярэсце пераходзіць да князя Кейстута, затым ў 1348-ым г. ён адыходзіць да палякаў і толькі ў 1366-ым г., пасля таго як Кейстут зноў яго вярнуў, горад канчаткова замацоўваецца за літоўскімі князямі. Горад неаднаразова заваёўвалі і разаралі тэўтонскія рыцары (1379 г.) і польскія вяльможы (1382-1390 гг), стрыечныя браты – князі ВКЛ Ягайла і Вітаўт.
І так працягвалася на працягу некалькіх стагоддзяў: горад пераходзіў то да ВКЛ, то да валынскіх князеў, то да палякаў, то заваёўваўся татарамі, то пакутаваў ад набегаў крыжакоў.
Нягледзячы на перманентнае ваеннае становішча, берестейцы ўладкоўвалі свой горад, ўзводзілі цэрквы і касцёлы. У канцы XIV стагоддзя Бярэсце быў гандлёвым і рамесным цэнтрам Вялікага княства Літоўскага, яго насельніцтва складала каля 2 тысяч жыхароў. У тыя гады ў Бярэсце ўладкоўваліся багатыя кірмашы, былі пабудаваны гасціны двор і мураваная царква святога Мікалая. Мясцовыя купцы вывозілі ў Заходнюю Еўропу футру, лес, збожжа. Завозілі соль, сукно, шоўк, паперу і многае іншае. Праз горад праязджалі купцы з іншых беларускіх гарадоў, а таксама з Вільні, Кіева, Чарнігава, Масквы. Высокага ўзроўню дасягнулі наступныя рамёствы: ганчарнае, кавальскае, гарбарнае, ювелірнае, шавецкае, апрацоўка дрэва. Гараджане займаліся таксама земляробствам і жывёлагадоўляй.
Бярэсце быў адным з самых значных гарадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў складзе Вялікага княства Літоўскага, дзяржавы якая дасягнула найбольшага тэрытарыяльнага развіцця ў другой палове XIV ст., калі яе мяжы працягваліся ад Балтыйскага да Чорнага мораў з поўначы на поўдзень, ад Бярэсця да Смаленска з захаду на ўсход.
На працягу двух з паловай стагоддзяў Бярэсце ўваходзіла ў склад Вялікага княства Літоўскага. Гэта быў асаблівы гістарычны перыяд. Горад, які пачынаўся як старажытнаславянскае і старажытнарускае паселішча, трансфармаваўся ў горад еўрапейскі, быў далучаны не толькі да развіцця новых эканамічных адносін, але і да працэсаў фарміравання беларускага этнасу і нацыянальнай культуры.
Літаратура:
1. Берасце / В. Грынявецкі // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 313–314.
2. Брэст // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 85–87.
3. Брест // Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского : энциклопедия : 2 изд. Минск, 2013. С. 80–82.
4. Галімава, Н. П. Бярэсце ў складзе Вялікага княства Літоўскага / Н. П. Галімава // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 1. С. 47–61.
5. На рубежах великого княжества // Брест. На перекрёстке дорог и эпох : [1019–2009] / А. М. Суворов. Брест. 2009. С. 36–53.
6. Бярэсце // Цітоў, А. Геральдыка беларускіх местаў (ХVІ – пачатак ХХ ст.) / Анатоль Цітоў. Мінск : Полымя, 1998. С. 125–127.
7. От Берестья до Бреста из века в век / сост.: В. Ежелов, В. Мороз. – Брест : С. Лавров, 2003. – 230 с.