Брэст самым першым у чэрвені 1941 г. падвергнуўся нападзенню ворага. І менавіта ў Брэсце ў далёкім 1944-м было завершана вызваленне Беларусі.
Пасля таго, як 3 ліпеня быў вызвалены горад Мінск, войскі правага крыла І-га Беларускага фронту (48-я, 65-я, 28-я арміі і конна-механізаваная група генерала Пліева) прадоўжылі наступленне ў напрамку Мінск-Баранавічы-Брэст. Адначасова разгортваліся да наступу войскі левага крыла фронту (47-я, 61-я, 69-я, 70-я арміі, 8-я гвардзейская армія, І-я Польская Армія, 2-е танкавае войска, 11-ы танкавы корпус, 2-я і 7-я кавалерыйскія корпусы), якія знаходзіліся ў раёне горада Ковель. Такім чынам, план аперацыі ўключаў у сябе дзеянні абедзвюх груп фронту. Асноўнымі мэтамі дадзенай аперацыі з'яўляліся акружэнне і разгром Брэсцкай і Люблінскай груповак нямецкіх войскаў, развіццё наступу ў напрамку Брэст-Варшава.
Вызваленне насельніцкіх пунктаў Брэсцкай вобласці пачалося яшчэ да Люблін-Брэсцкай аперацыі, у ходзе Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён” (23 чэрвеня – 29 жніўня 1944 г.). Горад Брэст быў вызвалены ў выніку Брэсцка-Люблінскай аперацыі заключнай стадыі аперацыі “Баграціён”. Люблін-Брэсцкую аперацыю (18 ліпеня – 2 жніўня 1944 г.) правялі войскі I-га Беларускага фронту пад камандаваннем Маршала Савецкага Саюза К. К. Ракасоўскага. План Люблін-Брэсцкай аперацыі быў зацверджаны Вярхоўным Галоўнакамандуючым 7 ліпеня 1944 г.
Правае крыло I-га Беларускага фронту складалася з 48-й, 65-й, 28-й армій і конна-механізаванай групы. Цэнтр фронту складала 61-я армія. Левае крыло складалася з 70-й, 47-й, 8-й гвардзейскай, 69-й, 2-й танкавай, 6-й і 16-й паветраных войскаў, 7-га гвардзейскага і 2-га гвардзейскага кавалерыйскіх карпусоў, І-й арміі Войска Польскага.
28-я армія правага крыла фронту да сярэдзіны ліпеня выйшла да горада Пружаны, а 61-я армія таго ж крыла фронту, фарсіравала Прыпяць і авалодала горадам Пінскам, прадоўжыла наступ у кірунку Пінск-Драгічын-Кобрын-Брэст.
У перыяд з 5 па 28 ліпеня 1944 г. часткамі 70-й, 28-й, 61-й, 65-й, 16-й паветранай армій, конна-механізаванай групай, Дняпроўскай флатыліяй былі вызвалены раённыя цэнтры Брэстчыны.
Галоўны ўдар наносілі войскі левага крыла I-га Беларускага фронту на Ковельскага-Люблінскім кірунку. 70-я армія генерал-палкоўніка Папова В. С., 47-я армія генерал-лейтэнанта Гусева М. І., 8-я гв. армія генерал-палкоўніка Чуйкова У. І., 69-я армія генерал-лейтэнанта Калпакчы У. Я. пры падтрымцы 6-й паветранай арміі генерал-лейтэнанта авіяцыі Палыніна Ф. П. прарвалі варожую абарону па захаду ад Ковеля на фронце 30 км і на працягу двух дзён прасунуліся на 13 км.
70-я армія, павярнула на поўнач з мэтай адрэзаць шляхі адыходу нямецкім войскам з Брэста, выйшла праз Бяла-Падляску да Заходняга Буга на паўночны захад ад Брэста, тым самым ахапіла Брэст з паўднёвага захаду, захаду і паўночнага захаду. У другім эшалоне прасоўвалася І-я армія Войска Польскага пад камандаваннем генерал-лейтэнанта З. Берлінга.
На правым флангу баі вялі 48-я, 65-я, 28-я арміі, конна-механізаваная група. 28-я і 65-я арміі правага крыла фронту ў гэты ж час выйшлі на поўнач ад Брэста. 28-я армія з цяжкімі баямі прарвала мяжу нямецкай абароны і выйшла праз Камянец і Высока-Літоўск на паўночны ўсход ад Брэста да ракі Заходні Буг, дзе злучылася з часцямі 70-й арміі.
З усходу да Брэста падышлі часткі 9-га гвардзейскага стралковага корпуса і 61-га. З выхадам войскаў правага крыла на рубеж Свіслачы, Пружан і на подступах да Брэста былі створаны ўмовы да акружэння Брэсцкай групоўкі праціўніка. У хуткім часе акружэнне горада Брэста было завершана.
Гітлераўцы стварылі ў раёне Брэста магутны глыбока эшалянаваны і ўмацаваны раён, насычаны вялікай колькасцю дотаў, дзотаў, мінных палёў і іншых ўмацаванняў доўгачасовай і палявой фартыфікацыі, звязаных паміж сабой хадамі. У сістэму абароны былі ўключаны фарты Брэсцкай крэпасці. З нямецкага боку акружэнню горада супрацьдзейнічалі з раёна Бяла-Падляскі 55-ы армейскі корпус: 4-я танкавая дывізія, 28-я пяхотная дывізія і 129-я дывізіён-група; з раёна Высока-Літоўска – 23-і армейскі корпус: 5-я танкавая дывізія СС «Вікінг», 35-я пяхотная дывізія і 216-я дывізіён група. На ўсходняй мяжы Брэста адступалі з усходу рэшткі 7-й, 102-й і 292-й пяхотных нямецкіх дывізій, 5-й і 23-й пяхотных вянгерскіх дывізій, кавалерыйскі корпус. З нямецкага боку ў “абароне” горада прымалі ўдзел часткі корпуснай групы “Е” генерал-лейтэнанта Шэлера: 86-я, 137-я, 251-я дывізіён-групы, 203-я ахоўная дывізія, 186-ы сапёрны батальён, 186-ы фузілерны батальён, 22-і зенітна-артылерыйскі полк, 930-ы ахоўны полк , 251-ы батальён сувязі, зводны батальён з адпускнікоў і тых, што паправіліся.
Нягледзячы на супрацьдзеянне нямецкіх войскаў у выглядзе пастаянных контратак з месцаў засяроджвання, штурм горада ажыццяўляўся з раніцы ліпеня 27-й сіламі частак 28-й арміі з поўначы горада; частак 70-й арміі - з поўдня, 12-я стралковая дывізія – з усходу. 28 ліпеня 1944 г. часткамі 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі (палкоўнік Мальцаў Д. К.), 212-й стралковай дывізіі (палкоўнік Кучынёў В.Г.), 415-й стралковай дывізіі (палкоўнік Машчалкаў П. М.) 9 – га гвардзейскага Брэсцкага стралковага корпуса 61-й арміі, 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр Корчыкаў Г. М.) 20-га Брэсцкага стралковага корпуса 28-й арміі, 160-й стралковай дывізіі (генерал-маёр Цімафееў М. С.) 114-га Брэсцкага стралковага корпуса 70-й арміі быў вызвалены г. Брэст.
28 ліпеня па радыё ў 22.00 быў зачытаны загад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага аб вызваленні горада Брэста.
За час Люблін-Брэсцкай аперацыі з 17 па 30 ліпеня 160-я дывізія страціла 328 чалавек забітымі і 1429 параненымі. За гэты час дывізія прайшла з баямі 138 км, вызваліла 176 насельніцкіх пунктаў і ва ўзаемадзеянні з часткамі 9-га стралковага корпуса заняла горад Брэст. 31 жніўня 1944 года загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага І.Сталіна 160-й стралковай Чырванасцяжнай дывізіі было прысвоена імя “Брэсцкая”.
З выхадам савецкіх войск на р. Віслу і захопам плацдармаў на яе заходнім беразе Люблін-Брэсцкая аперацыя была завершана. У выніку Люблін-Брэсцкай аперацыі завяршылася выгнанне нямецка-фашысцкіх захопнікаў з тэрыторыі Беларусі. У ходзе аперацыі савецкія войскі рушылі наперад 260 км і, авалодаўшы плацдармам на Вісле, стварылі спрыяльныя ўмовы для наступнага разгрому праціўніка на Варшаўскім стратэгічным напрамку і поўнага вызвалення Польшчы.
У нашым горадзе ў скверы Свабоды ля помніка ўстаноўлены пастаменты з назвамі частак, якія вызвалялі Брэст ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод іншых ёсць і 160-я стралковая Брэсцкая Чырвонасцяжная дывізія. Звання героя Савецкага Саюза за вызваленне г. Брэста атрымалі 19 чалавек, сярод якіх : Аляксадраў М.Я., Бунін І.І., Гураў І.І., Валошын М.Ф., Віннік Ю.М. і інш.
Воляю лёсу пагранічны Брэст першым у чэрвені 1941 г. падвергнуўся нападу ворага і адным з самых апошніх гарадоў Беларусі сустрэў сваіх вызваліцеляў. Асаблівай датай для горада з'яўляецца 28 ліпеня, у гэты дзень жыхары горада адзначаюць - Дзень горада. Менавіта ў гэты дзень у 1944 г. ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі горад быў вызвалены войскамі І-га Беларускага фронту. У гонар гэтай падзеі названа адна з вуліц горада (вул. 28-га ліпеня).
Літаратура:
1. Люблин-Брестская операция 1944 // Республика Беларусь : энциклопедия : [в7т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 590 – 591.
2. Люблин-Бресткая операция 1944 // Регионы Беларуси : энциклопедия. В. 7 т. Т. 1, кн. 2. Брестская область. Минск. 2009. С. 51 – 52.
3. Люблін-Брэсцкая аперацыя 1944 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 397 – 398.
4. Вызваленне // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн.2. С.129 – 130.
5. Героі Савецкага Саюза, якія пахаваны ў Брэсце ў парку 1 Мая // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 154 – 156.
6. “Город был взят…” : З дзённіка камандзіра 61-й арміі П.А. Бялова // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 141.
7. 28-ф армія ў баях за Брэст : З успамінаў Героя Савецкага Саюза генерал-лейтэнанта А.А. Лучынскага, былога камандуючага 28-й арміяй // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн.2. С. 131 – 132.
8. Даражыць жыццём кожнага : З успамінаў С.А. Піразева, камандзіра 67-га стралковага Чырвонасцяжнага палка 20-й стралковай дывізіі 20-га стралковага корпуса 28-й арміі // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн.2. С.134.
9. Загад Радзімы выкананы : З успамінаў генерал-маёра Г.М. Корчыкава, былога камандзіра 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С.132 – 133.
10. Званне героя за вызваленне Брэста // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С.150 – 154.
11. Не колькасцю, а розумам : З успамінаў В.С. Антонава былога камандзіра 36-й інжынерна – сапёрнай брыгады // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 135.
12. Паведамілі партызаны : З успамінаў Героя Савецкага Саюза палкоўніка Дз.К. Мальцава камандзіра 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 141.
13. Пад абстрэлам кожны мктр зямлі … : З успамінаў В.П. Барадзіна, памочніка начальніка штаба 29-га гвардзейскага стралковага палка 12-й гвардзейскай стралковай дывізіі // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 142 – 144.
14. Пазбегнуць разгрому не ўдалося… : З успамінаў генерал-маёра І.І. Байкова, былога начальніка аператыўнага кіравання 1-га Беларускага фронту // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С.130 – 131.
15. 70 –я армія ў баях за Брэст : З успамінаў генерал – лейтэнанта Я.Д. Чарнышова, былога камандзіра 95-га Чырвонасцяжнага стралковага корпуса // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 137.
16. Подзвіг лейтэнанта Івакіна : З успамінаў гвардыіі маёра ў адстаўцы П. Лабады, ветэрана 26-га гвардзейскага авіяцыйнага палка далёкага дзеяння 16-й паветранай арміі // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 140 – 141.
17. Страчы, кулямётчык! : З успамінаў Сцяпана Паўлавіча Дзямчука, жыхара в. Літвіны Брэсцкага раёна, былога падпольшчыка, партызана атрада імя М.М. Чарнака, ветэрана 1-й Брэсцкай стралковай дывізіі С. 130 – 140.
18. Танкісты ў баях : З успамінаў старшага сяржанта В.М. Мальцава, механіка – вадзіцеля 9-га Бабруйскага танкавага корпуса // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 135 – 137.
19. У баях 1-я стралковая дывізія : З успамінаў палкоўніка ў адстаўцы М.В. Харытонава, ветэрана дывізіі // Памяць : Брэст. Гісторыка-дакументальная хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С.137 – 139.
20. Амяльковіч, Д. “Ну вось мы і прыйшлі…” [Люблін –Брэсцкая аперацыя паводле матэрыялаў краязнаўчага музея] / Дар’я Амяльковіч // Культура. 2009. 25 – 31 ліп. С. 23.
21. Барысюк, У. Будзем помніць усіх пайменна : [Удзельнік вызвалення Брэста М.С. Пасякін] / У. Барысюк // Брестский вестник. 2011. 24 нояб. С.14.
22. Волкович, А. “За овладение городом Брест” : Приказом Верховного Главнокомандующего лейтенанту Николаю Десятову была присвоена благодарность / Александр Волкович // Заря. 2011. 28 июля. С. 4.
23. Илларионова, Л. “Ведь в жизни солдаты мы…” [Об участниках освобождения Бреста от немецко-фашистских захватчиков] / Л. Илларионова // Вечерний Брест. 2004. 28 июля.
24. Копачева, Е. Подвиг овеянный славой : [Об освобождении г. Бреста 28 июля 1944 г.] / Елена Копачева // Брестская газета. 2003. 28 июля – 3 августа.
25. Лисюк, С. Операция “Багратион” : Разгром фашистов на подступах границе : [Освобождение г. Бреста 28 июля 1944 г.] / С. Лисюк // Заря. 3004. 1 июля.
26. Муха, Ф. Как брали Брест / Фёдор Муха // Рэспублика. 2004. 28 ліп. С. 1,4.
27. Первыми входили в Брест : [Об освобождении Бреста от немецко-фашистских захватчиков] // Заря. 2004. 27 июля.
28. Слединская, В. З. Костры памяти никогда не погасут : [Воспоминания ветерана Великой Отечественной войны, брестчанки В. Слединской об освобождении Бреста в 1944 г.] / В. З. Слединская ; подгот. Александр Волкович // Заря. 2010. № 83 (27 июня). С. 4.