Макушев Викентий Васильевич


Гісторык, філолаг-славіст,член-карэспандэнт Пецярбургскай АН

Вікенцій Васільевіч Макушаў нарадзіўся 10 лістапада 1837 года ў г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер г. Брэст). Бацька быў членам асобай камісіі для будаўніцтва Брэсцкай крэпасці. Маці па паходжанні полька, са шляхецкага роду Міхайлаўскіх; пасля смерці першага мужа пераехала да родзічаў у Брэст-Літоўск, дзе і пазнаёміліся бацькі будучага славяніста. Сваё свядомае дзяцінства Вікенцій Макушаў правёў у Варшаве.

У 1846 годзе бацька падаў у адстаўку і вярнуўся з сям’ёй у Пецярбург, дзе неўзабаве памёр. Праз год памёрла і маці. Асірацелы Вікенцій трапіў у Пецярбургскую Ларынскую гімназію. У старшых класах гімназіі ён праявіў здольнасці да навукі. Пад уплывам настаўніка М. П. Карэлкіна зацікавіўся гісторыяй славян. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе паспеў заявіць сябе сачыненнем на залаты медаль: «Сказания иностранцев VI–Х в. о быте и правах славян». Потым Вікенцій Макушаў стаў вучнем І. І. Сразнеўскага і займаўся вывучэннем славянскай гісторыі і філалогіі.

З 1861 года служыў у азіяцкім дэпартаменце замежных спраў. З 1862 па 1865 год быў сакратаром расійскага консульства ў Дуброўніку, дзе пры дапамозе багатага архіва грунтоўна вывучыў гісторыю Дуброўніцкай рэспублікі. Вынікам гэтага вывучэння былі «Очерк дипломатических отношений России з Дубровницкой республикой» (1865), артыкулы пра паўднёваславянскія землі ў «Русском вестнике», «Филологических записках» і іншых часопісах (1866).

16 лістапада 1867 года В. В. Макушаў абараніў дысертацыю «Исследования об исторических памятниках и бытописателях Дубровника», даволi высока ацэненую крытыкамі, і стаў магістрам. Па выніках дысертацыі ў 1868 годзе ён быў камандзіраваны Міністэрствам народнай асветы ў Італію для навуковай працы ў бібліятэках і архівах, для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. Камандзіроўка доўжылася да 1871 года. Яе мэтай быў пошук новых крыніц аб паўднёвых славянах.

Вікенцій Васільевіч зрабіў шмат каштоўных знаходак у архівах і бібліятэках Неапалю, Венецыі, Мілана, Палерма і Анконы. Ён знайшоў і апісаў амаль 20 тыс. дакументаў, з якіх паспеў надрукаваць невялікую частку ў 2 тамах.Сабраў велізарны фактычны матэрыял, пераважна па гісторыі паўднёвых славян (у т. л. па харвацкай дыяспары ў папскай Анконе) і албанцаў, невялікая частка якога надрукавана ў «Исторических памятниках южных славян» (1-ы том у Варшаве, 2-і ў Бялградзе).

Калі ў сакавіку 1871 года Вікенцій Васільевіч вярнуўся з-за мяжы, ён атрымаў кафедру ў Варшаўскім універсітэце. Абараніўшы дысертацыю «Исторические разыскания о славянах в Албании», атрымаў званне прафесара.

У 1871–1883 гадах працаваў прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта. Упершыню ў выкладанне славістыкі ён увёў для студэнтаў практычныя заняткі. Новая методыка выкладання стварыла яму аўтарытэт сярод слухачоў. За кароткі тэрмін выхаваў нямала вучняў, сярод іх — будучы прафесар Казанскага ўніверсітэта В. Качаноўскі. В. В. Макушаў кіраваў падрыхтоўкай студэнтаў, якія былі пакінуты пры ўніверсітэце для навуковай працы. У іх ліку былі А. Маркевіч, будучы членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР, Х. Яшчуржынскі, прафесар В. Нядвецкі, А. А. Лагадоўскі.

В. В. Макушаў — аўтар шматлікіх даследаванняў: «Исторические разыскания о славянах в Албании в средние века» (1871); «Болгария под турецким владычеством, преимущественно в ХV и ХVI веках» (1872); «О пронии в древней Сербии» (1874), «Из чтений о Старо-Чешской письменности. Загорельские отрывки Евангелия от Иоанна» (1877), «Из чтений о Старо-Чешской письменности. Так наз. Зеленогорская рукопись» (1878)і інш. У сваіх працах гісторык абгрунтаваў палажэнне аб тым, што заваёва Балгарыі Турцыяй спачатку мела станоўчае значэнне (спыніла ўсобіцы, ліквідавала небяспеку вугорскай заваёвы), і што толькі ў ХVII ст., у сувязі з распадам турэцкай дзяржаўнасці, пагоршылася становішча славянскага насельніцтва.

Адметныя рысы навуковых прац Вікенція Васільевіча — крытычная дакладнасць, яснасць, сцісласць. Яго заслугай з’яўляецца шырокае выкарыстанне ў сваіх даследаваннях каштоўных італьянскіх архіўных матэрыялаў. 1 снежня 1878 года ён быў абраны членам-карэспандэнтам Пецярбургскай Акадэміі навук на аддзяленні рускай мовы і славеснасці. Быў абраны членам-карэспандэнтамРасійскай АкадэмііНавукпа разрадзе ўсходняй славеснасці

Вікенцій Васільевіч Макушаў памёр 2 сакавіка 1883 года ў Варшаве.

У рускай навуцы імя прафесара В. В. Макушава займае пачэснае месца. З ім непарыўна звязана вывучэнне паўднёваславянскіх народаў Расіі ў
60–80-я гады ХIХ ст.

Літаратура:

1. Макушев Викентий Васильевич // Большая советская энциклопедия : [в 30 т.]. 3-е изд. Москва. 1974. Т. 15. С. 258–259.

2. Вікенцій Васільевіч Макушаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка у 2 кн. Мінск. 1997.Кн. 1.С. 161–162.

3. Макушев Викентий Васильевич // Большая энциклопедия : [в 30 т.]. Москва.  2011. Т. 18. С. 589.

4. Макушев Викентий Васильевич // Большая энциклопедия : в 62 т. Москва.  2006. Т. 27. С. 429.

5. Макушев, Викентий Васильевич // Большая энциклопедия. Санкт-Петербург. 1900. Т. 12. С. 529–530.

6. Макушев (Викентий Васильевич) // Энциклопедический словарь / изд.: Ф. А. Брокгауз, И. А. Ефрон. Санкт-Петербург. 1896. Т. 18. С. 450.

7. Литвинович, Е. Исследователь славянских древностей : [о В. В. Макушеве, уроженце Бреста]/ Евгений Литвинович // Заря. 2017. 12 октября. С. 6.