Зидаров Николай (Зідараў Нікалай). Летам вярніся зноў

Ты ўсё той жа, трывожны.
                                             І заняты на рэдкасць.
Толькі летам вярніся зноў
                                            у Брэсцкую крэпасць.
Зноў плыве, не сплывае —
Так, як час тут плыве, —
У абдымкі да Буга паміж верб Мухавец.
Легендарная крэпасць
                                          тваіх крокаў чакае —
І трава, і руіны, і расчэплены камень.
Цябе стрэнуць гасцінна
                                           дзве таполі на ўзгорку
Хлебам з жыта і сонца,
Чаркай, шчодрай і горкай.
Гэта ў камені мука, гэты боль чалавечы
Крэсляць дробнае ў сэрцы напамінам
                                         аб вечным.
А над чорнымі сценамі, у нямой вышыні,
А над чорнымі сценамі, у нямой цішыні,
Дагараюць і гаснуць зоркі, годы іп дні.
Цябе Холмскія стрэнуць
і Цярэспальскія вароты,
Што яшчэ не забылі, як раўлі агнямёты…
Дык вярніся ж, вярніся,
бо, абмыты крывёй,
Кожны камень чакае
Тут далоні тваёй.
Неба сіняй надзеяй на руіны спадае.
Крэпасць жмурыцца сонцу — ці ідзеш,
                                        выглядае.
Ты вярніся, вярніся зноў сюды, несучы
У вянок ёй вясёлку на братэрскім плячы.


Пераклад з балгарскай Н. Гілевіча.