Калі б вымяралі,
Каб вымераць толькі маглі
Горыч,
трывогу,
боль …
Калі б гэтыя хлопцы
У сорак першым
На кіламетры першым
Той вайны не ляглі,
Мабыць, ніколі
Не сустрэліся б мы
З табой.
Герою Брэсцкай Крэпасці
Мой равеснік, мудры і мужны,
Непахісны ў змаганні за мір,
Углядаецца ў бераг асмужаны
Углядаецца ў быстры вір …
Мой равеснік паўстаў
нескароны,
Суайчыннік,
салдат паўстаў
На фарпосце,
у абароне,
І жывою легендаю стаў.
Каскай чэрпаў ты з Буга ваду,
Каб хутчэй
кулямёт
напаіць.
Ты хацеў,
каб Радзіма жыла.
І не думаў,
ці сам будзеш
жыць.
… Цішыня ля бязлюдных фартоў.
Цішыня
ля разбітай
цвердзі.
Тут апошнія
крокі
байцоў
Сталі першымі
у бяссмерце.
Брат мой, шчыры дарадца,
равеснік,
Як на споведзь,
Іду
На спатканне з табой.
Кроіць сэрца
грозная песня:
“Уставай
на смяротны бой!..”
“Мроі” Шумана,
Шумана мары
Над штыком узлятаюць за хмары …
Брат мой,
друг мой,
дарадца,
равеснік.. —
Гэта сэрца тваё
стала Песняй!