Волосюк Леонид (Валасюк Лявон). Берасцейскі сон

Зноў на шпітальны востраў цень упаў
Манашкі Бернардзінскага кляштара…
А ў гэты час мой горад спаў,
Спаў вартавы між мураў, траў…
Салодкіх сноў.

…Мацней, гучней варожых коней хрып.
І грукат капытоў, і звоны джалаў-дзідаў…
Блішчаць сякеры, бразгаюць мячы,
Губляюць вершнікаў натомленыя коні…

Ужо кроў цячэ… І сонны вартавы
Ужо нешта крыкнуў з стромкай вежы…
Крычу і я. І гук ляціць, чапляецца
За лес, за хвалі, чараты і дрэвы.

І вастрыё чужынскага кап’я
Палохае і слепіць, бы сонца апякае раны…
Манашкі цень спалоханы прапаў,
Нібыта хмаркі сціплая фіранка.

…Напэўна, моцна я ў пакоі спаў, –
Не бачыў ля ракі чужынцаў ранкам.