Витка Василий (Вітка Васіль). Брэсту

Ты з папялішчаў і руінаў
Устаў у велічы жывой.
Тут кожны камень і цагліна
Акроплены тваёй крывёй.

Ты не схінуўся у знямозе,
Граніцы нашай вартавы,
І першым вырас на парозе
На дальніх подступах Масквы.

Апасці не паспелі росы
У чэрвеньскі світальны міг,
А ты, нібы юнак Матросаў,
Краіну засланіў грудзьмі.

І прыпыніў варожай зграі
На ўсход, на нашы землі шлях.
Над слаўнай крэпасцю лунае
Непераможны горды сцяг.

Ты ў першым полымі і дыме
Падняўся ў мужнасці сваёй,
Салдат вялікае Радзімы,
Яе заступнік і герой.