Велюгин Анатолий (Вялюгін Анатоль). Трывога

Лістапад
рэшту медзі
высыпаў.
Позна
ў лужынах
жоўкнуць агні.
Сэрца —
гэта не выспа,
забытая
ўдалечыні.
І па свеце
вядзе
бяссонніца.
Тужаць ростані ў сасняку,
выглядаючы сонейка
на шырочным
зямным скразняку.
За крыжоўскімі
мокрымі хвоямі
б’ецца блізка,
шуміць над табой
каркаломнымі хвалямі
Карыбскага мора прыбой.
Куба — сёння не выспа,
забытая
ўдалечыні.
Ныюць раны старыя.
Не выспацца.
Пасінела.
Акно адчыні!
Куба ходзіць па Мінску —
барада
і пацёрты берэт.
Поруч
поўную міску
у студэнцкай сталоўцы бярэ.
Пад вачамі густая сінеча
ад бяссонніцы,
як і ў мяне.
Усміхніся, сустрэча!
Непагадзь скора міне.
Помню Брэст,
медны рокат перона
І фарты
у палоне травы:
Куба
сцяг баявы
прывязла
у музей абароны…
там,
дзе
бою іржавыя рэшткі —
чуеш? —
той абароны працяг,
твой, Рэспубліка,
сцяг
страпянуўся
у крэпасці Брэсцкай.