Борисюк Василий (Барысюк Васіль). Берасце

1.

Дзіўна, зусім без пары
Успыхнулі вочы прадмесцяў:
Зманлівыя ліхтары
Колішняга Бярэсця…
Дзе мне яго знайсці
У гэтых чужых будынках?
Снег, які быў аціх,
Разам з лавінай тынку
Вочы зацерушыў,
Змусіў на ўсё забыцца…
Шолахам мёрзлых шын
Жывяцца камяніцы. 

Нельга было шукаць
Горад, забыты ўсімі,
Хай сабе сніць рака
Смак адзінокіх зімаў… 

Берасце – як прывід.
Нельга было вяртацца:
З холадам у крыві
Ды пералікам станцый.

2.

Вечар агорне вулкі
Ветрам трывожна-шумлівым.
Позіркам стрэліць мулкім
Той, хто праверыць «ксіву»
Ля пераходу ў сненне
Дня, які мусіў адбыцца,
Каб пасярод камення
Вершык прарос з грыбніцы
І «ашчаслівіў» горад
Звышнечаканым з’яўленнем
На тратуары чорным
Стрыманага натхнення,
Што станецца птушкам ежай
Дні на чатыры ці болей:
Словаў пакуль непазбежнасць
Мне дэкларуе волю
Выкінуць ці пакінуць
Ці проста усе закрэсліць.
Прысмеркам вершы стынуць
У брукаваным Брэсце.

3.

Голы мароз патрэсквае
На вулках, ветрам падмеценых,
Вечар гуляе фрэскамі
Шашак на звонкіх праплешынах.
Холадам і няўтульнасцю
Я ўжо паспеў нацешыцца.
Зноўку самота сунецца
На шыю маю павесіцца
Гальштукам апельсінавым
З палоскамі і анекдотамі,
Груддзі мае масіраваць
Кожным студзеным дотыкам.
Быццам бы я чакаў яе
З апошняй зімовай вернацю.
Неяк, знянацку злоўлены,
Я ей пазычу Берасце.
Хай сабе з камяніцамі
Самота паабдымаецца –
Магчыма, пад іх спадніцамі
Голад яе схаваецца.

4.

Без маланак і грому ліўні
Спляжылі цьмяны горад:
Хтось не дагледзіў пільны
У вэрхале мокрай прасторы. 

Берасце ў мораку знікла.
Шукай, не шукай – дарэмна.
Дзейнасць – бязглузды выклік
Панаванню пустэльнай цемры…
Сцішылася залева.
Шэпт – і аднекуль рэха:
Недзе, справа ці слева,
Горад азваўся сабачым брэхам,
Злосным і неўтаймоўным.
Пакіньце яго ў спакоі:
Хай аблашчанае поўняй
Замчышча росы загояць.