Як многа
сонца на тваіх бульварах!
Як многа
цішыні і чысціні! –
Там, дзе віселі попельныя хмары,
Там, дзе граніт закіпваў у агні…
Мой родны Брэст,
салютамі заліты,
Над Бугам ты кварталамі ўстаеш,
Прамы,
безкампрамісны і адкрыты –
Такі ж,
як і ўсе вуліцы твае.
Успомніў, Брэст,
я пра тваю адвагу,
І кроў мацней ударыла мне ў скронь…
Байцы ў баях забыліся на смагу,
І помсты іхняе
палаў агонь…
У крэпасці магілы пабрацімаў,
Што падалі на Захад галавой,
Каб тут стаяў ты
тварам да Радзімы,
Брэст – пагранічнік,
працаўнік,
герой!