Гордей Виктор (Гардзей Віктар). Адкуль Бярэсце

Калісьці на фэст ці на нейкае шэсце
Над Бугам святочна і светла было.
Дзядзінец тады называўся – Бярэсце,
I звестак пра тое нямала дайшло.

Нібыта купец прабіраўся на возе,
I шуснуў у багну загружаны воз.
Бядак азірнуўся: наўсцяж пры дарозе
Аж цесна ад белых і статных бяроз.

Кару дзёр купец і цягаў без спачыну,
Ды вымасціў грэблю і вывез тавар.
Спякотаю вецер высушваў лагчыну
I кідаў бяростаю людзям у твар.

Купец той вярнуўся, паставіў каплічку
На месцы, адкуль мог пайсці жабраком.
Наведваць каплічку зрабілася ў звычку.
– Пайду «на Бярэсце», – казалі кругом.

З'явіўся дзядзінец ля рэк у сутоку,
Дзе выбраўся з багны шчаслівы купец.
Быў горад заслонены Бугам, а збоку
Жыллё ад нападу прыкрыў Мухавец.

Вякі, што сплылі, быццам качары, цугам,
Назовы мянялі, як слова на жэст, –
Ад Брэста-Літоўска да Брэста-над-Бугам,
А сёння – то мужны і велічны Брэст.

Захопнікі лезлі сюды апантана,
I ледзь адбівалі напад ваяры.
Таму вось і крэпасць была збудавана
На месцы, дзе высіўся горад стары.

3 фашысцкай навалай адважна салдаты
У бітву ўступілі світальнай парой,
Стралялі байніцы, фарты, казематы –
Навекі праслаўлена крэпасць-герой.

Міні цытадэль – там, дзе Холмская брама,
I мост над вадой перайдзі, а далей
Кіруйся направа і трошачкі прама –
Убачыш не меней славуты музей.

Пад небам, дакладней, пад шклом на раскопе
Увагу прывабiць глыбокі абрыў.
«Бярэсце» – музей, што вядомы ў Еўропе,
Знаходку такую сам лёс падарыў.

Маленькія хаткі з астанкамі тыну
Ды іншых збудоў паўгнілыя вянцы.
Тут знойдзены розныя рэчы з бурштыну,
3 жалеза – прылады, з касцей – грабяні

Відаць, у той век і купец у знямозе 
Вымошчваў бяростаю летнік глухі,
Пазней праз Бярэсце, па цвёрдай дарозе
Гандлёвыя ўсюды пралеглі шляхі.