«Я, узнавший и голод, и холод,
тоже этой войны ветеран».
Е. Евтушенко
Сорак першы…
Трагічная дата…
Да салюта
чатыры вясны.
З той пары
крэўны боль мой зацяты,
Мяне будзяць
ваенныя сны.
Чэрвень травамі
гойдаў паветра,
Ціхамірным
забыўчывым сном,
Налівалася
сокамі лета
У абдымку
з маладзіком.
З цішынёй
парадніліся птушкі,
І сады
палымнелі наўзбоч,
Як ніколі,
лагоднасць падушкі
Зберагала
апошнюю ноч.
Сонны мір мой
здаваўся трывалы,
Ды падкраўся
фашысцкі спалох —
Хмары смерці,
трывогі, вакзалы
І бяздонне
крывавых дарог.
Буг успеніўся
грознаю хваляй
І мужаў
жыватворнай слязой.
Брэсцкай крэпасці
праўда святая
Несмяротнай ахвярай
са мной.
Свет звужаўся
ад бомбаў і смагі,
Заціскаўся
ў каменны мяшок.
Ёсць патрон…
неба сінь…і адвага,
І свабоды
шчымлівы глыток.
Адступалі
з баямі і з болем,
Пакідалі
знявечаны сад.
На ўвесь свет
падымаўся за волю
Шматмільённы
савецкі салдат.
Дні і ночы
бурліла змаганне,
Гнеў грымеў
між нябёс і палёў,
Бачыў Мінск
пераможны свой ранак,
Верыў
сіманаўскі Магілёў.
Не скарыўся
прастор белавежскі —
Сталі мсціўцам
малы і стары…
Сняцца мне
партызанскія сцежкі
І зялёная школа
ў бары
Адыходзяць
туманамі годы,
Нада мной
баявы небакрай —
Ярка сонечны
Ліпень свабоды,
Перамогай
увенчаны Май.