1
Сонца промні на штыку зіхцяць,
Грані ў вастрыі
зліліся разам.
Так і вы зліліся
грозным часам —
Да пляча плячо, —
каб так стаяць!
І калі агнём
парою ранняй
Ўспыхнуў кожны ўзгорак,
кожны яр,
Крэпасць,
нібы штык чатырохгранны,
Ворагу нанесла першы ўдар.
Засланіўшы родны край сабою
Ў сорак першым,—
шмат начэй і дзён
Біліся вы так,
што водгук бою
Будзе вечна на зямлі чуцён.
2
І сумеўся вораг —
не здаліся,
Хоць усё
гарыць-смыліць наўкруг!
Ў вашым подзвігу
да дна раскрыўся
Наш савецкі,
наш нязломны дух.
Вы крывёй сплывалі
між руін,
Вы ў зямлю ўрасталі —
і ні з месца!
І таму вось першы бой ля Брэста
Стаў пачаткам бітвы за Берлін.
Хвалі забыцця байцоў не знеслі,
Ўсе вы, смерцю перамогшы смерць,
Сёння ў абелісках уваскрэслі,
Каб заўсёды на жывых глядзець.
Б’юцца крылы вечнага агню,
З дзён мінулых новае ўзнікае,
І на радасць веснавому дню
На асенніх пожнях рунь буяе,
З мятаю, з чаборам, з васількамі
Колькі сёння йдзе да вас дзяўчат!
І радзімы ласка і праз камень
Сагравае сэрцы у салдат.
І маўчанне доўжыцца бясконца,
Калі ноччу,
нам нібы ў адказ,
Промнямі
нягаснучага сонца
Вашы вочы ўспыхваюць не раз.
Ад тых промняў вораг цверазее,
І сябрам яны відаць здалёк,
З імі і цвярдзее і шырэе
Наш рабочы, наш савецкі крок.
3
У блакіце
неба над табою.
Мірна ў бераг
плешча Мухавец…
Толькі і дагэтуль
з пекла бою
Па ваду паўзе
туды баец.
Юны воін
у гарматным гуле
Так і не дабраўся да ракі,
Ды не выраніў, дагнаны куляй,
Каскі алазоркавай з рукі.
Ў стычцы з болем пакідала сіла,
Але ён трымаўся да канца.
Можа, вось таму акамяніла
Нават губы й вочы у байца!
Ды і сёння ён,
аслаблы смагай,
Да ракі паўзе і ноччу й днём…
І яму, — хто жменяй, хто біклагай, —
Ў каску мы з ракі ваду нясём.
Вось сівая маці,
што рукамі
Вычарпаць гатова сотні рэк,
Каб спатоліць смагу, што у камні
З кроўю паядналася навек.
Але нават тым рукам не здолець
Выратоўчы даць вады глыток…
І струмені, скручаныя болем,
Падаюць ціхутка на пясок.
Пераклад У. Шахаўца