Рудковский Михаил (Рудкоўскі Міхась). Брэсту

Без спекуляцыі, без тлуму
Над вербалозам, над вадой,
З адным табой гадую думу
І гавару з адным табой.

З табой дзялюся, як заўсёды,
Усім, што маю ў душы,
Бы з барадатым ваяводам,
Які шмат зведаў, перажыў.

О, колькі раз у вяках туманных
Буг чысты залівала кроў,
Бо ты стаяў на скрыжаванні
Дарог суровых і вятроў.

У суравой сваёй кашулі
Стаяў у той ты старане,
Якая добраю зязюляй
Гады адлічвае ўсё мне.

Гады, напоўненыя з краем, –
Там боль твой, гнеў і радасць-хмель …
Яна ўва мне, твая сівая,
Твая святая цытадэль.

І ў дні трывог, сумненняў трудных,
У дні чорнай роспачы і скрух
Цвярдыні духам непадкупным
Я ўмацоўваю свой дух.

Таму жыву і ў шчасце веру,
І ўдаль бяжыць мая вярста,
І за акном маім, у скверы,
Цвіце скалечаны каштан.