Каб каменні маглі гаварыць,
Як гавораць з жывымі жывыя,
Расказалі б пра дні баявыя,
Каб каменні маглі гаварыць.
Знічка ў чыстым небе не міргае.
І да плыні поўнач ледзь ільне…
А над брэстам цішыня такая,
Нібы свет аглух на той вайне.
На граніцы, на роднай зямлі
На світанні сірэны завылі.
Сталі мёртвыя побач з жывымі
І навекі ў бяссмерце пайшлі.
А бетон трашчыць, агнём палае.
Гарнізон адбіў атаку не адну!..
І над Брэстам цішыня такая,
Што не ўспомніць нельга пра вайну.
Было сэрца кожнае, як Брэст!
Пад агнём навясным, скрыжаваным
Перавязвалі цяжкія раны,
Але біліся сэрцы, як Брэст!
Бітва сэрцы болем апякала!
Плавіліся сцены у агні!..
А над Брэстам цішыня такая,
Нібы свет аглух ад цішыні.
Каб каменні маглі гаварыць,
Як гавораць з жывымі жывыя,
Расказалі б пра дні баявыя,
Каб каменні маглі гаварыць.
…І гучыць світанне мірнай песняй.
Песня — несмяротная сама!
Для герояў, для герояў Брэста,
Смерці для герояў век няма!
Пераклад І. Калесніка