Приходько Петр (Прыходзька Пятро). Фільм “Цытадэль славы” на Кубе

                                                                        Кінарэжысёру М. І. Гарбунову

Табе, як салдату, напэўна, і люба
І цяжка да слёз слухаць гэтую быль.
Расказваў таварыш, як плакала Куба,
Калі пра герояў глядзела наш фільм.

На плошчах збіралася ноччу Гавана —
Ішла кінахроніка вогненных дзён.
І востраў Свабоды прыпаў да экрана,
Дзе бітву над Бугам прымаў гарнізон.

Пасланнямі ў вечнасць крычаць казематы:
“Памру, а не здамся!”, “Ні кроку назад!”
З баямі ў бяссмерце адходзяць салдаты …
І воклічы:
— Брава, савеціка — брат!

Дамы засцілаюцьт зямлю і нябёсы,
А Куба глядзіць, не ўціраючы слёз.
Адкуль вы няпрошана, скорыя слёзы?
Фарпосты! Фарпосты!
Нялёгкі ваш лёс.

Карыбскае мора агнём бушавала,
Ды ўпэўнена вёў сваё войска Фідэль.
Бадзёрыў байцоў на кароткім прывале:
— Амігас, пакажам ім тут “цытадэль”?

— Пакажам! — адказалі хорам салдаты,
І з маршу ўступалі у бой.
Так Куба стаяла і несла адплату
Фашызму,
Як нашая Крэпасць-герой …

Я рады, што змог кіналетапіс веку
Не даць нашай памяці ў попеле стлець.
Я ставіў бы помнік
Таму чалавеку,
Хто сэрцы другіх прымушае гарэць.