Стаяў дзіцёнак на краі бульвара,
Плыў шарык у яго ля галавы…
Зямля таксама мае форму шара,
і ён шматкаляровы, ды жывы.
А тут — дзіцёнкам пушчаны на волю —
Ляцеў.
Ляцеў
і лопнуў, як пузыр…
Поўз чалавек па франтавому полю,
І скаланалася зямная шыр.
Хістаўся свет. Расшчэплен быў экватар.
Зямную вось цяжарам бітвы гне…
Ты быў салдатам! Ці не быў салдатам?
Ці траціў ты любімых на вайне?
Ці ты згараў ад холаду? Ад смагі?
Бінтом крывавым раны бінтаваў?
На ратным полі — помніку адвагі —
Над брацкаю магілай бедаваў?
А колькі засталося іх, забітых,
Якіх скасіў бязлітасны метал,
Вайной забітых, з бронзы не адлітых,
Што не ўзышлі на звонкі п’едэстал?
Любы ў абдымкахвелічнай самоты,
З журбой у ясных зрэнках юнака…
Устань з зямлі, салдат нятленнай роты
Гвардзейскага стралковага палка!
У сад ступі. Прайдзіся нівай смела.
На чэрвеньскі загледзься зарапад.
А той, хто хоча, каб зямля знямела,
Няхай адлічыць крокаў пяць назад!
Метал узвышан працай, а не кроўю!
Не плач, Матуля! Сонца, не заходзь!
Ідзі па свеце, вечнае здароўе,
І кожнага дастойна ўзнагародзь!
Я шматгадовых слаўлю. І шчаслівых.
Няхай іх болей будзе з кожным днём.
Спакойных сэрцаў,
добрых рук цярплівых,
Што атамным не спалены агнём.
Хто гэта мог прыдумаць на планеце
(і ад такога зла не анямець!)
У час, як сонцу радуюцца дзеці,
Для іх ужо рыхтуюць недзе смерць!
За што? За тое,
што ў іх свет прыгожы?
Што давядзецца новы шлях пачаць?
Ракеты не чапайце, што варожа,
Зацята і прытоена маўчаць!
Прэч, прэч з зямлі шаленства вадарода,
Малекул бездухоўных мішуру.
Вучыцца б нам — народу у народа —
Цярпенню. Справядлівасці. Дабру.
Не абражаць людзей і не няволіць.
І жорсткасць — чалавеку не сястра.
І боль любы на свеце абязболіць.
Жыць мірна пад cузор’ямі Дабра.
І бомбы не хаваць у падзямеллях,
Скідаць іх дружна на марское дно.
Усёй зямлёй гуляць на наваселлях
Планет тых, што чакаюць нас даўно.
Няхай сады ідуць на палігоны,
Няхай бушуюць домны ад руды,
Няхай вайны абрыдлыя пагоны
З людскіх плячэй знікаюць назаўжды.
Я ў гэта веру! Бо няма прычыны,
Каб смерць сачыла з кожнай стараны.
Не для вайны народжаны мужчыны,
А для таго, каб не было вайны.
Калі ж дзе-небудзь цемраю начною
Ад выбухаў аглухне цішыня,—
Мы зноў устанем грознаю сцяною —
Склікай нас на паверку, старшына!
Нас шмат —
салдатаў міру — на планеце,
І з кожным днём наш магутнее крок.
І зло не вечнае ў трывожным свеце.
І перад сонцам адступае змрок.
Наш век суровы. Жыць нам у дваццатым.
Нам трэба свет без кулі і пятлі.
Няхай жыве
вялікі
добры
атам
І шчасце чалавека на зямлі!
Пераклад С. Гаўрусёва