Ошанин Лев (Ашанін Леў). Легенда пра абаронцаў Брэста

Урывак
Дзе Буг коціць светлыя воды,—
Каб ворага крок сцерагла,—
Калісь, як заслон ад нягоды,
Закладзена крэпасць была.
Яе ўмацавалі на славу,
І тут, каля кожнай сцяны,
І дрэвы, і дзікія травы
Закрылі бетон крапасны.
Адсюль, праз шатры зеляніны,
Пад рэчышчам плыткай вады,
Скляпенняў размах барсучыны
За горад выводзіць хады.
Ідуць яны ў нетры зямныя,
Надзейна схаваўшы сляды.
І быццам бы сховішчы тыя —
І зброі запас, і яды.
Ніхто не бываў там стагоддзі.
Дзяды пераконвалі нат:
Калі хто ў скляпенні заходзіў —
Ужо не вяртаўся назад.
Дык час і легенды змяняе
(А ты паспрабуй іх правер),
І быццам бы тоўшча зямная
Адкрыта для смелых цяпер.
Нібыта ў гранітнай пасцелі
Сяброў пахаваў сваіх дзед
І ноччу у змрок падзямелля
Спусціўся, нібы на той свет.
І сонечным днём, і пры зорах
Ён знаць аб сабе не даваў,
А ў Брэсце раз’юшаны вораг
Над лёсам жанчын лютаваў.
Ды ўздрыгнулі рукі тырана,
І лёсу не рад быў свайму,
Як з брэсцкіх лясоў партызаны
З’явіліся помстай яму.
Яны правады абрывалі,
Збівалі ў астрогах замкі
І прама на брэсцкім вакзале
Палілі яго цягнікі.
Шумелі вячыстыя дрэвы,
Каб іх засланіць ад бяды.
Як веснікаў помсты і гневу
Іх бачылі людзі заўжды.
А вораг шукаў іх дарэмна,
Нібыта іголку ў рацэ,
Бо вёў камандзір іх нядрэмны
Са шрамам на левай шчацэ.
Ён вёў іх на стромкія стромы,
Скуль пенныя хвалі відны,
І побач дзядок быў знаёмы
Ў густых завітках сівізны.
Хоць кулі над імі звінелі,
Але не зрабілі бяды.
Недарма яны ў падзямеллі
Дарогу шукалі гады.
Сержант расказаў мне дарогай,
Што бачыў іх сам, як ішлі
Прад самаю Перамогай
Яны па варожай зямлі.
Пераклад С. Гаўрусёва