Можна замену прасіць у футболе.
Рукі падняў, — і з запасу ігрок
Выйдзе у свежай футболцы на поле
Праз пратакольны сухі радок.
Але:
На стадыёне помсты
Ў цесным коле гармат
Быў пад Брэстам не просты —
Першы крывавы матч.
Месяц над сон-зямлёю
Бліснуў, бы цыферблат.
Строгім, як смерць,
суддзёю
Сойкасць байцоў была.
Час
кулямётныя чэргі
Вывелі шрыфтам куль:
“Дваццаць другога чэрвеня,
Роўна ў чатыры нуль-нуль”.
Ўсё!
Кулямёты presto
Выбілі вогненны марш.
Так пачынаўся пад Брэстам
Першы крывавы матч.
Як выключэнне з правіл,
Як даніна вайне:
Паміраць мелі права,
А прайграваць — не!
Безліч смяротных таймаў,
Цемра дымных палёў…
Дзевяць свінцовых грамаў —
Эквівалент медалёў.
На спінах
на кулямётных
Выкіпела вада.
Сумлення байцоўскага ротны
Замену прасіць не даў.
Ўсё…
Толькі словы,
як раны,
Ўеліся ў шэры бетон:
“Бой наш
не мог быць прайграны…
Нашыя сэрцы — кардон…
Ведай, мой сын, што іначай
Мы не маглі таго дня…
Замену прасіць — гэта значыць
Рукі ўгору падняць”.
P.S.
Калі раскапалі руіны Брэста,
Падымаліся… рукі мёртвых…
з гранатамі!
Пераклад з украінскай В. Жуковіча