Рудковский Михаил (Рудкоўскі Міхась). Мой горад

I
Там, на пачатку...

На зялёным узгор’i Прыбужжа, 
Ля пушчанскiх зялёных застаў, 
Берасцея, высокi i дужы,
У зямлю першы камень паклаў.
– Каб злы дух абмiнаў гэта месца,
Каб не ведаў дарогi сюды!..
I тры ночы, тры днi пад Бярэсцем 
Медавухаю пахлi брады.
А пасля гаманiлi сякеры
Над вянцамi смалiстай сасны. 
...Барада ў Берасцеi — як верас, 
Як дубы – ў Берасцеi сыны.
У бацьку ўсе: iм над сiлу любое – 
Будаваць, сталь каваць, паляваць 
І пад княжай пазыунай трубою 
Каранастых тарпанаў сядлаць.
Толькi б хлопцы жылi у хаўрусе, 
Па-братэрску, як трэба, жылi...
....................................................

На мяжы той Русi, што калiсьцi 
Руссю Белаю нараклi,
Горад рос; у вяках ветравейных 
Гнаў у грунт i ўшыркi каранi
І нёс мужна iмя Берасцеi
Нат у самыя трудныя днi.

II
Бугам легенды плывуць

Мiж скруткаў калючага дроту
На бугскiх сiвых берагах
Нарос дзiрваном i асотам
Чужынцаў няпрошаных прах,
Хто у далечы дальняй ад дому 
Бясслаўна паклаў галаву...

Над Бугам пазвоньваюць бомы –
То Бугам легенды плывуць.
А месяц загляне ў скляпеннi,
А вецер дыхне на муры – 
Прачнуцца жывыя каменнi,
Трывогi зямной званары.

I звонам напоўнiцца поўнач – 
Грымяць казематы, гудуць.
Байцы ў гiмнасцёрках зялёных
Пад чырвань штандара ўстаюць.
У водблiсках грозных пажараў
Ідуць цытадэллю яны.

Наперадзе iх –
                          камiсары
І дымныя вёрсты вайны. 
Наперадзе – годы нягодаў
І дантава пекла кругi..

Няспешна i строга па водах 
Легенды плывуць, бы стругi, – 
Туды, у зялёныя плаўнi,
У тыя вякi, дзе ўгары
І сонца гарыць, нiбы праўда,
І праўда, як сонца, гарыць.

III
У квеценi новай вясны

О горад мой, святлом вясны зашклёны! 
Твае гады, сабраўшыся ў вякi,
Над галавой маёй лятуць сягоння,
Як жураўлёў высокiх касякi.
І растаюць у марыўных туманах,
Над пушчай векавой дрыгавiчоў...

Блукаю белым маем я з каштанам,
Руку паклаўшы на яго плячо.
I лiпы запрашаюць нас у шаты
На чай лiцовы, зеляно-вiно,
І мiла усмiхаюцца дзяўчаты,
Што выбеглi з заводскай прахадной.
– О мiлыя гарэзы! Добры вечар!
Што новага?.. Я рад, я вельмi рад... – 
Каштан дзяўчатам дорыць сваю квецень 
І з iх чародкай крочыць ў iнтэрнат.
Там будзе весела, па-маладому весне, 
Там да вiдна нiхто не ляжа спаць...

...Каб мог ты, Берасцея, уваскрэснуць, 
Каб мог з зямлi былiннае устаць,
Хаця б здалёку песнi iх паслухаць, 
Зiрнуць на горад, на агнёў разлiў, – 
Адным бы, духам гарнец медавухi 
Перакулiў бы i яшчэ налiў.
I вы, героi, ўстаньце ў сiнiм дыме! 
Сустрэчы з вамi кожны будзе рад.
Мы бачым вас ўсё тымi, ўсё жывымi, 
Жывымi, як дзесяткi год назад.
О, як нам нестае, як неханае
Вас за вясельна-хрэсьбiнным сталом!
I мы магiлы вашыя шукаем,
Імёны вашы вулiцам даём
І дзецям нашым, радасным i шумным. 
Гляджу на iх, задумлiва куру
І пра сябе, у летуценнай думе, 
Забыўшыся, я цiха гавару:
– Расцiце, мiлыя! А ты, мой горад,
У вёснах незасмучаных квітней.
Ты мой. Твае агнi i зоры,
І радасцi твае, i нават горыч,
Твой постун, горды дух – яны ўва мне.