Глушко Леонид (Глушко Леанід). Наш Брэст

Над Бугам Брэст наш велічна стаіць,
У вадзяное люстра ён глядзіць.
Прыпамінае шлях жыццёвы свой
І згадак-дум раскручвае сувой…

Было нямала радасці й бяды,
І засталіся розныя сляды.
Ваенныя – не загаіў іх час,
У памяці заўсёды яны ў нас.

Тут Цытадэлі сцены праз вякі
Нясуць суровы напамін такі:
Таму, хто недзе вострыць меч вайны,
Дадуць адпор зямлі маёй сыны.

Растуць кварталы, прыгажэе Брэст,
Цвітуць вясною бэры і агрэст.
Тут людзі працавітыя жывуць
І песні пра красу яго пяюць.

Над Брэстам чысты, светлы далягляд.
Радзімы межы беражэ салдат.
Каб выспеў хлебны колас на раллі,
Каб нашы дзеці ў радасці раслі…

Над Бугам Брэст наш велічна стаіць,
У вадзяное люстра ён глядзіць.
Стагоддзяў гукі слухае ў вірах
І бачыць светлых дзён сваіх працяг.