Яна бараніла у бурах
Зямлі нашай волю і лёс,
Туліла ў сваіх амбразурах
Блакіт беларускіх нябёс.
Дагэтуль, як сведкі жывыя,
Як мужнасці й славы браты,
Пахмура стаяць крапасныя,
Паднятыя ў неба фарты.
Час доўгі яшчэ не загладзіў
На целе каменяў сівых
Сляды круглаватыя ядзер
І шчэрбы — з баёў штурмавых.
Маўчаць карпусныя гарматы,
І, ўпіўшыся ў сцены, свінец
Дасюль не астыў, слепаваты,
Глядзіць за раку Мухавец.
Крані яго, зубы ашчэрыць,
Пякельнай адрыжкай дыхне,
І змрочыцца сонечны бераг,
Напомніўшы зноў аб вайне.
Тут чэрвеньскім ранкам, на зорцы,
Зямлю не расінкамі траў —
Крывёй акрапілі дазорцы,
Салдаты пярэдніх застаў.
Дол помніць, як смерць узвіхрыла,
Пачаўшы шаленства, вайна,
Як біўся са смерцю Гаўрылаў,
Як мёрлі байцы Фаміна.
Ён помніць: у пыле цагляным,
Без кроплі вады ў кацялку
На бой узнімаўся Наганаў,
Падаўшы бяссмерцю руку.
Бяссмерце!.. Яно ў гэты грозны,
Дзень першы ўставала з цаглін,
Каб сцяг свій праз зімы і вёсны
Прынесці з баямі ў Берлін.