Каско Александр (Каско Алесь). Туман у Брэсце

Туман –
                  нібыта ў Лондане,
Не прычакаць зары,
Прахожы пройдзе – лорд міне,
Схаваны ў каўняры.

Стаў незнаёмы горад нам,
Дзе мелі разам жыць …
Туман гусціцца, холадна,
І дожджычак імжыць.

Аўтобус перапоўнены,
Гадзіну стой, макрэй.
Але таксіст
                  прыпомніў нас:
«Хэло! Сюды!.. О’кэй!»

«А вы ўсе – непаседамі?» –
шафер нациснуў «газ».
Ён добры. Ён не ведае,
Што разлучае нас.

Рука ў руцэ … Ты гордая,
Твой дом святлом гарыць.
Ну, а ў мяне
                     ёсць горад мой,
Дзе ёсць мае сябры.

Не ўцешымся маўчанкаю,
Бо і яна міне.
Сапраўднай англічанкаю
Ты стала для мяне.

Ні ў чым не вінаватая,
Дарунку не прасі.
… Пайшла, сваім занятая.
Сядаю я ў таксі.

Туман. Шарэе раніца.
Рабочы гул і трэск.
Гані, таксіст. Пытаецца:
– Табе куды?
– У Брэст!