С. Смірнову
Сядзяць героі Брэста
ў Чырвонасцяжнай зале –
Палітрукі, камбаты, медсёстры і стралкі.
Лічылі, што ўсе палі, лічылі што прапалі,
Ды вось яны – жывыя, жывыя – на вякі.
Ў цывільных гарнітурах,
з усмешкаю нясмелай,
І кожны – як легенда. А мы іх бачым зноў
У касках закапцелых, пілотках прапацелых,
Павязках зацвярдзелых, дзе запяклася кроў.
Мы бачым гімнасцёркі і сціплыя пятліцы
Ва ўжо забытых шпалах і алых кубарах.
На тварах водбліск бітвы
мільгне, як бліскавіцца,
І зоркі камісараў гараць на рукавах.
Мы слухаем скупыя, няхітрыя расказы –
Вядома ж , красамоўствам не славяцца байцы, –
Ды ў бітву уступаем
мы з самай першай фразы,
Мы – ў дымных казематах,
на крэпасным пляцы.
Мы без вады і ежы трымаем абарону.
Дарэшты апусцелі падсумкі, кацялкі.
Здаровым выдаюцца апошнія патроны,
Параненым і дзецям – апошнія пайкі.
Не суткі ўжо, а тыдні прайшлі з пачатку бою.
І, каб зусім не знікнуць ў памяці людской,
На падзямельных плітах,
сцякаючай крывёю,
Салдат імя выводзіць слабеючай рукой.
Ужо чужыя танкі мінулі Сож і Свіслач,
Палаюць Мінск і Гродна, Смаленск баі вядзе.
Хрыпіць нямецкі рупар:
“Трымацца бескарысна!” –
Ды мы не пакідаем пазіцый анідзе.
Адрэзаны ад свету, ў няўмольным акружэнні.
І хоць агонь нас паліць, і душаць нас дымы,
Ў часіну крыўд і гора, ў часіну паражэнняў
Мы верым, верым, верым, што пераможам мы.
З усіх пагроз смяёмся, смяёмся з абяцанняў.
Жывымі не адступім мы з крэпасці сваёй.
Каго ж захопіць вораг, хто будзе цяжка ранен,
Той і ў палоне мужна за Брэст прадоўжыць бой.
Пры лютым катаванні той саўладае з болем
І застанецца верным прысязе назаўжды,
Ульецца ў Маабіце ў партыйнае падполле,
Байцоў Супраціўлення папоўніць ён рады.
…Сядзяць героі Брэста
сярод сцягоў ў зале,
І ў памяці ўсплываюць грымоты даўніх дзён.
Ў якіх трывожных далях
з табой мы пабывалі,
Прадвеснік Перамогі, вялікі гарнізон!
Ты, наша Перамога, не толькі штурм рэйхстага
І ў подпісах салдацкіх задымлены фасад,
Ты – крэпасць, дзе каменне гаворыць пра адвагу,
Ты – кліч “Назад ні кроку!”, мацнейшы, чым загад.
Ты – надпісы на сценах
пад тым скляпеннем нізкім,
Што верай зараджаюць людзей на многа год,
Ў руінах, дзе на плітах –
зусім пустыя дыскі,
Дзе побач з амбразурай – разбіты кулямёт.