Гриезане Мара (Грыезане Мара). Брэсцкая крэпасць

Ціхая пушча.
Лясы… Беларусь…
Сіняе неба —
вачамі бяру.
Конік чароўна
стракоча ў траве.
Ціхая хмарка
па небе плыве.
Нібы ш Расіі:
сосны, дубы.
Побач з дарогай
крочаць слупы.
Чорныя хаты —
непадалёк.
Над комінам кожным —
мірны дымок.
Ды паміж летніх
светлых палёў —
Брэсцкая крэпасць,
сведка баёў.
Крэпасць братэрства,
табе не знямець:
тут адступіла
чорная смерць.
Брэсцкая крэпасць —
помнік агню.
Сэрца не можа
здабыць цішыню.
Пра подзвіг герояў
я раскажу.
Брэсцкая крэпасць —
праўда мая.
Брэсцкая крэпасць —
школа, сям’я.
Я прад табою,
як на рубяжы.
Ты мне — прашу я —
ва ўсім памажы.
Простае слова
дай для людзей
сілай і шчасцем
мяне абнадзей!
Ветрам бяссмерця
мяне наталі.
Шчодрым каханнем
не абдзялі…
Тут я заўсёды —
павер,
не таю, —
нібы ў каравуле,
доўга стаю.
Перад вялікай
быліннай сцяной
стала нам Памяць
даўно Цішынёй…
Брэсцкая крэпасць,
двое стаім.
Вечна ўзвышайся
ў сэрцы маім.


Пераклад І. Калесніка.