Нямецкі аператар
з паўмінуты
Яго зь экрана выпусціць не мог …
Хістаўся свет.
Агонь клубіўся крута.
І плошча
выслізгоўвала з-пад ног.
А конь імчаў,
ажно стагналі пліты —
Небаязлівы батарэйны конь.
Вось прыпыніўся,
заіржаў сярдзіта:
Няма сігналу,
а вакол агонь.
Але чамусьці не сыграў трывогі
Трубач.
І не сядлалі ўвішных пар.
Як дзіўна ўсё!..
І, пэўна, самі ногі
Яго панеслі
у гарматны парк.
Зямля дрыжала.
Рваліся снарады.
Буг ускіпеў
пад гул штурмавікоў …
Раздзьмуўшы ноздры,
ён чакаў спагады
І з выбухамі
зліўся стук падкоў.
… І плёнку заліло,
нібы слязамі.
І, чуючы,
што гора насупроць,
Я рукі працягнуў у кіназале,
Каб ухапіць
кароткую аброць.