Доризо Николай (Дарызо Мікалай). Вершы пра двух салдат

Прысвячаю пісьменніку С. С. Смірнову

1

На заснежанай Поўначы
Дзесяць год акурат
Жыў, сяброў сваіх помнячы,
Адзінокі салдат

Нелюдзімы зацішак
Ён абраў нездарма,
Бо і ордэнскіх кніжак
У салдата няма.

Ён хаваў сваё імя,
І сцвярджалі тады,
Што ён здрадзіў Радзіме
Ў год
суровай бяды.

Мы гадалі старанна,
Як вядзецца здавён,
Хто салдат безымянны? —
А стаяў гэта ён!..

У няўрымслівым руху,
З грознай звязкай гранат,
Ля далёкага Буга
Быў паранен салдат.

Разабрацца не позна шчэ
Кветкі класці ля ног,
Але адрас і прозвішча
Падказаць ён не мог.

Заставаўся на свеце
Без сяброў чалавек
Вінаваты
ў анкеце,
Ў бронзе —
правы на век!

2

Чалавек шукаў герояў Брэсцкай крэпасці,
Бы нястомна золата шукаў.
І распытваў у легенд, дзе трэба йсці,
Каб ні след героя не прапаў.

Надпісы у казематах выпытаў,
Давяраўся дальнім адрасам,
І знайшоў героя ён забытага,
І спярша паверыў яму сам.

Даказаў, што цяжка быў кантужаны
Той герой, што сёння ўсім відзён,
І сцвярджалі колісь незаслужана,
Што ён здаўся ворагу ў палон.

3

Мой таварыш, жыў ён недалёка,
Засядалі ў клубе мы адным.
І цяпер шкадую я глыбока,
Што не думаў, як цяпер, аб ім.

Знойдзены табой героі Брэста,
Баявыя ззяюць арданы.
Сярод іх адно пустуе месца —
Следапыта грознае вайны.

Ці была у лёсе маім веха
Або толькі зведанасць дарог?
Змог бы ўратаваць я чалавека?
А напэўна, каб хацеў, дык змог …