Над ракой
не ўрачысты граніт,
А раструшчаных камняў глыбы.
І над імі
фанерны шчыт:
“Асцярожна!
Можа быць выбух”.
Млява ліжа пясок Мухавец,
Шапацяць, уздыхаюць таполі…
Пад шчытом
прытаілася смерць
І кагосьці чакае няўмольна.
А між камняў
свавольны бэз
На прастор не пушчае вецер,
Ад вачэй засланяе ўвесь
Надпіс грозны
духмяным веццем.
І дзяўчына
ідзе да шчыта,
Дзе не ўстаць больш,
калі упасці,
І спакойна
ламае там
Бэзу важкую гронку
на шчасце.
І здаецца,
вось дрогне Брэст,
Сонца яркае пыл зацярусіць,
Упадзе
і не ўстане бэз
І дзяўчына з касою русай.
Смерць
давно ўжо хавала там
Чорны дым і тупое жалеза…
А дзяўчына
стаіць ля шчыта
І смяецца над смерцю,
гарэза.
І глыбей
зашываецца смерць —
Ад вясны,
ад жыцця
і спакою.
І павольна плыве Мухавец,
І дзяўчына стаіць над ракою.
А навокал —
зялёны май.
Сонца ў небе расплавіла хмаркі,
І ліецца праз небакрай
Сінь
на вежы, масты і аркі…