Над крэпасцю ўецца зняможаны сцяг
У грукаце,
скрогаце,
дыме атак.
Забіты,
знявечаны
сінія сны,
Нічога не бачна з-за чорнай сцяны
вайны.
Крывавае ранне
ступіла ў падвал,
Над полем змагання
шалее метал.
Упарты трубач
проста ворагу ў твар
Трубіў,
хоць вакол калыхаўся пажар.
Трубу, як рупар,
прыціснуў да губ
І трубіць,
нібыта у тысячу труб.
Упарты трубач!
Але раптам —
абвал!
Здаецца,
раструшчыў яго напавал.
І глыбей на плечы
звісае граніт.
Ён сонца не бачыць,
што ўстала ў зеніт.
У грукаце,
скрогаце,
свісце свінца
Ніхто не заўважыў
знікнення
байца.
А воін
хацеў бы падняцца,
каб зноў
Склікаць у атаку
адважных сяброў.
І сумна даносіцца дроб станкача:
— няма трубача!
— няма трубача!
А сам ён жывы
ды ў магіле жывой,
Скалу непакорнай падпёр галавой.
Успомніў і тут
абавязкі свае,
Не плача,
не просіць,
а песню пяе.
Нібыта ў атаку вядзе за сабой:
— Гэта ёсць наш апошні
І рашаючы бой …
Жывыя ў атаку
рвануліся зноў,
Бо клікаў трубач
і з магілы байцоў.
…Праходзяць гады,
а трубач малады
Ўсё трубіць,
бы войска склікае сюды.